|
Вы здесь29 сакавіка 2016 года пайшоў з жыцця Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч
За ўсё літаратурнае жыццё народнаму паэту Беларусі Нілу Сымонавічу Гілевічу ні разу не здрадзіла муза паэзіі. Яму пашчасціла быць нашчадкам моцнага сялянскага роду. Паэт нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. 3 1947 года жыў ў Мінску. Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка спачатку ў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1956) Н.С. Гілевіч вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі XX ст., у 1978 г. атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 г. была высока ацэнена навуковая дзейнасць Н.С. Гілевіча: яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі. Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам. Н.С. Гілевіч быў і паэтам-лірыкам, і публіцыстам, сатырыкам і драматургам, палымяным прамоўцай, трыбунам, грамадскім дзеячам, асветнікам, вучоным, фалькларыстам, перакладчыкам. I ўсё ж феномен Ніла Гілевіча не ў “цэхавай” прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага, шмат сіл давялося аддаць прозе ‑ у жыцці і дзейнасці. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980—1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985—1990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990—1996), старшынёй Таварыства беларускай мовы (1989—1997). Паэзію пацясніла перакладчыцкая творчасць, навуковая і публіцыстычная дзейнасць. Выступаць з вершамі ў друку Ніл Гілевіч пачаў у 1946 г. У 1954 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1957 г. выйшаў першы зборнік “Песня ў дарогу” ‑ паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 1950-х гадоў. 3 таго часу ў розных літаратурных жанрах паэтам напісана каля васьмідзесяці кніг. На першым месцы ў гэтым творчым набытку лірычная, эпічная і сатырычна-гумарыстычная паэзія. У творах зборнікаў “Прадвесне ідзе па зямлі” (1959) і “Неспакой” (1961) выявіліся эскізы асноўных сюжэтаў і вобразаў, якія пазней сталі паэтычнай дамінантай Ніла Гілевіча: матывы маці і роднай матчынай мовы прыпадабняюцца да малой Радзімы, да Маці-Беларусі, беларускай народнай песні, што сімвалізавала душу нацыі, яе самабытную культуру. Загаловак трэцяга лірычнага зборніка “Неспакой” дакладна засведчыў пра духоўнае сталенне аўтара. Неспакойна на душы ў паэта ад таго, што былыя вяскоўцы, пабыўшы год-другі ў горадзе, саромеюцца спрадвечнага бацькоўскага слова. “Бальшак” (1965) ‑ адна з самых інтымных, шмат у чым біяграфічных кніжак. Складаецца яна з лірычных гімнаў у гонар роднай Лагойшчыны, вершаў-накцюрнаў, літаратурна-музыкальных рэмінісцэнцый і эцюдаў біяграфічнага зместу. Лірычным “магістралам” да ўсяго цыкла стала песня “Вы шуміце, бярозы...”. У кнізе “Перазовы” (1967) паэт стварыў вянок санетаў “Нарач”, прысвечаны М. Танку. У зборніку “А дзе ж тая крынічанька?” (1972) медытатыўныя васьмірадковікі суседнічаюць з "вершамі беларускага складу", лірыка-эпічнымі паэмамі-ўспамінамі. Знаўцы паэтыкі віталі кнігу Н. Гілевіча “Актавы” (1976), у якой паэт здзейсніў мару М. Багдановіча далучыць беларускі верш да класічнай традыцыі шляхам набліжэння да музыкі. Пазней вобразныя вершы ў памеры актаў-васьмірадковікаў склалі зборнік “Святлынь” (1984), змест паэтычных шэдэўраў якога можна перадаць хіба што музычнымі санатамі, накцюрнамі і фугамі. Лірыка, сатыра і гумар, аб’яднаныя пад вокладкай кнігі “У добрай згодзе” (1979), адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Н. Гілевіча Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы 1980 г. Раману ў вершах “Родныя дзеці” (1985) паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнёнай і руплівай працы. Твор рыхтаваўся паступова: яго вобразы, матывы і фрагменты сустракаюцца ў папярэдніх кнігах. На старонках рамана публіцыстычны пафас, скіраваны супраць бездухоўнасці, спалучаецца з іроніяй, калючым, з’едлівым смехам, здаровым народным гумарам. Калі гаварыць пра надзённасць праблематыкі твораў Ніла Сымонавіча, то на пярэднім краі барацьбы з рознымі грамадскімі хібамі і заганамі, безумоўна, яго сатыра. Яго пяру належаць вершы, фельетоны, байкі, замовы, жарты, эпіграмы, шаржы, уключаныя ў зборнікі “Званковы валет” (1961), “Да новых венікаў” (1963), “Ці грэх, ці два” (1970), “Русалка на Нарачы” (1974), “Як я вучыўся жыць” (1974), “Кантора” (1989). Шматжанравая творчасць Ніла Гілевіча 1980—1990-х гадоў развівалася ў кірунку набліжэння да новых праблем беларускай рэчаіснасці (зборнікі “Незалежнасць” (1991), “Жыта, сосны і валуны” (1992), “Талісман” (1994)). Кнігі-роздумы “На высокім алтары” (1994) і “Любоў прасветлая” (1996) склалі вершы і публіцыстыка, прысвечаныя роднай мове, нацыянальнай свядомасці і культуры. Іншая іпастась творчай асобы Ніла Гілевіча — гэта яго навуковая дзейнасць у галінах літаратуразнаўства і фалькларыстыкі: “Акрыленая рэвалюцыяй: (паэзія “Маладняка”)” (1962), “Наша родная песня” (1968), “3 клопатам пра песні народа” (1970), “Паэтыка беларускай народнай лірыкі” (1975), “Паэтыка беларускіх загадак” (1976) і інш. Ён — укладальнік і навуковы рэдактар пяці тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах. Асобна трэба сказаць пра Ніла Гілевіча як пра перакладчыка, ці, дакладней, перастваральніка паэзіі славянскіх народаў на беларускую мову. За перакладчыцкую дзейнасць і прапаганду балгарскай літаратуры ён атрымаў ордэн Кірылы і Мяфодзія 1-й ступені. Урад Югаславіі ўзнагародзіў паэта ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Ніл Гілевіч ‑ лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986; прысуджаецца ўрадам Балгарыі раз у пяць гадоў за паэзію і публіцыстыку). Творы народнага паэта Беларусі таксама перакладзены на многія мовы свету.
Творы пісьменніка ў бібліятэцы
Літаратура аб жыцці і творчасці Ніла Гілевіча
Автор: Odmin |