Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

“Ахвярую сваім “Я” да 130-годдзя Максіма Гарэцкага
Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Іванавіча Гарэцкага (1893–1938) – арыгінальнага пісьменніка, даследчыка літаратуры, фалькларыста і мовазнаўца, заснавальніка нацыянальнай канцэпцыі гісторыі беларускай літаратуры. На працягу ўсяго свайго нялёгкага жыцця Гарэцкі з выключнай самаадданасцю, бескарыслівасцю і самаахвярнасцю працаваў на ніве беларускай культуры.
16 лютага 2023 года з нагоды юбілею творцы ў ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна” прайшла святочная імпрэза, падчас якой прысутныя акунуліся ў пісьменніцкае жыццё, поўнае крутых паваротаў і падзей.
Беларускі паэт Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк пазнаёміў прысутных са старонкамі біяграфіі Максіма Іванавіча і засяродзіў ўвагу на адным з найбольш складаных і драматычных перыядаў: жыцці і дзейнасці на Віленшчыне. У гэты час ён выкладаў беларускую мову і літаратуру на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі, працаваў над выданнем кнігі “Гісторыя беларускае літаратуры” (1920), стварэннем востра-праблемных артыкулаў. Удзельнікаў імпрэзы вельмі зацікавіў расповед пра асабістае жыццё пісьменніка, яго шлюб і нараджэнне дзяцей, першы арышт і знаходжанне ў Лукішскай турме.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай літаратуры XX–XXI стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Міхайлавіч Шаладонаў адзначыў вялікую ролю Максіма Гарэцкага ў развіцці беларускай культуры і пазнаёміў з літаратурнай спадчынай пісьменніка. Першая кніга – зборнік “Рунь”(1914) стала значнай падзеяй не толькі ў жыцці аўтара, але і ў літаратурным жыцці Беларусі. У ёй Максім Іванавіч увёў новага літаратурнага героя “інтэлігент у першым пакаленні”, што даследчыкі лічаць “мастацкім адкрыццём Гарэцкага”.
Напрыканцы мерапрыемства вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Саўген Паліна Мікалаеўна правяла экскурсію па перасоўнай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Ахвярую сваім “Я” , якая ахоплівае ўсе перыяды жыцця Гарэцкага і створана на аснове алічбаваных фотаздымкаў, дакументаў, рукапісаў і прыжыццёвых выданняў пісьменніка.

Матэрыял пададзены аддзелам краязнаўчай літаратуры