Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

“Цені мінулага пад старымі яблынамі Лошыцы…”

 

Ці даводзілася вам бываць у Лошыцы? Шпацыраваць увосені па апаламу лісцю, слухаючы, як шапоціць яно пад нагамі, нібы ўзгадвае мінулае? Глядзець у белае ад аблокаў неба і дыхаць ім, дыхаць… уцягваць у сябе салодка-халодны пах восеньскіх апошніх яблыкаў, сапрэлага лісця і блізкай вады?..

Ціхай і задуменнай, самотнай, зялёнай ад апошняй кастрычніцкай травы і жоўта-чырвонай ад апалага лісця – такой падалася мне Лошыца, старажытная, таямнічая і амаль недасягальная ў сваіх духоўных скарбніцах.

 

 

Пра мінулыя падзеі памятаюць там, мабыць, адны толькі старыя камяні і самшэлыя дрэвы, вялізныя і спакойныя, бо што засталося ад той самай Лошыцы, якая была раней? Усяго толькі рэшткі… Але і па гэтым рэшткам кожны, хто не чэрствы сэрцам і мае фантазію, можа ўявіць сабе тыя часы.

За яскравым і нават маляўніча-цацачным фасадам сёнешняга парку, у якім так хораша шпацыраваць па сцежкам і дарожкам, выкладзеным шэра-чырвонай пліткай, хаваецца сапраўдная гісторыя мясціны – іншы раз цікавая і прыгожая, а іншы раз і цёмная, крывавая.

Яшчэ і сёння чулыя людзі бачаць, як ціхія цені былых уладароў Лошыцы блукаюць пад шатамі яблыневага саду, ля берага рачулкі Лошы…

 

 

Але з чаго ж пачаць свой расказ? Мабыць, з пачатку…

Як і амаль усялякая мясціна на Беларусі, Лошыца ахутана шматлікімі легендамі і паданнямі. Сама назва, па адным меркаванні, паходзіць ад слова “лоша” або “ложа”. Нібы калісьці праязжаў тут нейкі ваяўнічы князь разам з войскам, ды застаўся на ноч. Страмянныя выкапалі на высокім узгорку яму, наклалі туды яловых лап, зверху кінулі мяккія звярыныя шкуры – і атрымалася сапраўднае княжае ложа. Нехта кажа, што таго князя звалі Віт ці Вітаўт, якога ў нас яшчэ завуць Вялікім.

 

 

Іншыя ж кажуць, што справа тут зусім не ў княжым ложы. Нібы “лошамі” ці пяшчотна “лошыцамі” раней зваліся на Беларусі коні. І была ў тагачаснага гаспадара гэтай зямлі, князя Мілавіда, дзіўная белая кабылка, што ўратавала яго ад смерці. З таго часу і рака, што ўпадае ў Свіслач, і тутэйшая зямля мае назву Лошыца.

Яшчэ і сёння можна адчуць той ледзь прыкметны, язычнецкі ці друідычны подых, якім вее ад камянёў і самое глебы. Адным з такіх сведкаў гісторыі, а таксама мар і кахання шматлікіх продкаў сёнешніх карэнных мінчукоў, з’яўляецца знакаміты лошыцкі Заручальны Дуб. Нажаль, сёння ад некалі вялізарнага дрэва застаўся толькі пень. Стары дуб не вытрымаў буры тры гады таму.

 

 

Але тое было яшчэ ў часы далетапісная. Першы раз у пісьмовых сведках Лошыца ўзгадваецца ў 1557 г. у так званай “Літоўскай метрыке”. Гаспадарыў у ёй тады князь Талачынскі. І колькі з тых часоў змянілася ў Лошыцы ўладароў! Гавораць амаль, што тут жылі і паны Друцкія-Горскія, чый род бярэ пачатак ад самога Усяслава Чарадзея, князя-ваўкалака і знакамітага ведзьмака.

Гаспадарылі тут і Прушынскія, заўсёды займаўшыя высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама гасціў апошні кароль Рэчы Паспалітай, маркотна вядомы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі – фігура неаднабаковая ў нашай гісторыі. Прадаўшы сваю Радзіму расейскай царыцы Кацярыне ІІ, аб чым думаў Панятоўскі, калі павольна шпацыраваў па прасторнаму лошацкаму краю? Сёння нам ужо немагчыма даведацца аб гэтым.

 

 

Госцем Лошыцы быў калісці і яго вялікасць імператар Расеі Павел І, які, па сведкам сучаснікаў, быў дужа прывабны да ўсяго каталіцкага і не мог не пабываць у мясцовай Алтарыі. Як і шмат іншых пабудоў, яна не захавалася да сёнешняга дня.

Ды і дужа змянілася сама зямля, краявід Лошыцы нават з пачатку 19 ст. Тады тут былі шырокія сядзібныя і сялянскія палі, абробленыя пад пашу. Уявіць тое зараз дазваляюць амаль што толькі паўдзікія берагі Лошы, ды жухлая рачная трава.

Што хаваюць тыя спакойныя воды? Якія прывіды да гэтага часу блукаюць там, прыкаваныя ці то вялізарным шчасцем, ці то страшнай трагедыяй? Колькі думак, чаканняў, мар і расчараванняў, колькі любові і нянавісці бачылі такія ж, як і ўсе тут навокал, задуменна-стрыманыя воды ракі Лошы?

 

 

І да гэтага часу людзі яшчэ гавораць пра тое, што адбылося на Лошы два стагоддзі таму… Не абыйшлося тут і без кахання, і без трагічнага чалавечага лёсу. Кажуць, быццам загінула ў ціхай рачулцы жонка пана Яўстаха Любанскага, прыгожая і дабрадзейная панна Ядзьвіга Любанская, у дзявоцтве Кяневіч. Ды і не проста так загінула, а ўтапілася ад гора, з-за няшчаснага кахання.

Нядобры лёс панны Любанскай, тым не менш, стаў падставінай для шматлікіх твораў у беларускай літаратуры. Натхнення сярод лошыцкіх ландшафтаў шукалі такія знакамітыя творцы, як Янка Купала, Адам Міцкевіч ды іншыя. У 20-я гады 20 стагоддзя, у часы беларусізацыі, былы шляхецкі сядзібны дом стаў мінскім цэнтрам культуры, дзе збіраліся тагачасныя маладыя паэты, мастакі, пісьменнікі і драматургі.

 

 

Лагодны подых ветру і трошкі журботны, меланхалічны настрой Лошыцы прасвятна дзейнічаў на шматлікіх творцаў ад мастацтва. Тут ставіліся знакамітая “Паўлінка” і “Сялянка”, была напісана першая частка коласаўскай трылогіі “На ростанях”… І разам з тым менавіта тут, ля так званага Чорнага Яру, дзе Лоша ўпадае ў Свіслач, у часы бальшавіцкай акупацыі растрэльвалі людзей. Гэтыя жудасныя старонкі беларускай гісторыі і Лошыцы не прынята ўзгадваць, але і да гэтага часу стаіць Чорны Яр – увесь зарос асінамі і чаротам, ля самай вады.

 

 

Страшныя лёсы набылі тутэйшыя людзі падчас бальшавізму, а потым і ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Гэткімі ж цяжкімі былі і гісторыі будынкаў: Белага і Зялёнага домоў, сямейнай капліцы Любанскіх, нават бровару і прамысловых пабудоў пачатку 20 стагоддзя…

Іх узрывалі дынамітам і амаль дашчэнту разбуралі снарады і кулі. У іх, у свой час, размяшчаліся то чэкісты, то фашысты. Адны ўлады змяняліся іншымі, а старыя будынкі маўкліва прымалі ўсе ўдары ад жыцця, нейкім цудам захаваўшы для сучаснасці той самы заходнееўрапейскі, шляхецкі дух, які яшчэ можна адчуць там-сям на гістарычных вуліцах Менску.

 

 

Звычайныя мінакі, мастакі і проста рамантыкі – усе гэтыя людзі ходзяць сёння тымі ж самымі шляхамі, што хадзілі каралі і вялікія дзеячы гісторыі мінулага. Ці адрозніваемся мы ад тых знакамітых прашчураў, якія вяршылі калісьці лёс краіны? Ці іншымі былі іх пачуцці, роздумы і намаганні? Або мы самі зараз нясем у сабе, у сваёй крыві – там, дзе самае сэрца – іх спадчыну?

Адказаць на ўсе гэтыя патынні кожны можа толькі сам.

 

 

Але калі вы знойдзеце выходны дзень у сонечную восень або хмарны вясновы дзень, не марнуйце час дома, а прыязжайце ў Лошыцкі парк. Прагуляйцеся па ягоным сцежкам, палюбуйцеся зялёным або рудым лісцем у абдымках менскага неба і адчуйце пад сваімі нагамі дыханне гісторыі.

Хто ведае, ці не вам адкрыюць свае таямніцы маўклівыя цені, што і да гэтага часу блукаюць пад старымі яблынамі Лошыцы?

 

 

(c) Тамаш Воўк