|
Вы здесь
“Чырвоныя дахі Траецкага”
Памятую, як год дзесяць таму знаёмая прэзентавала мне фатаграфіі са свайго летняга адпачынку. Здымкі, зробленыя на звычайную, яшчэ плёначную “мыльніцу”, нагадвалі святочныя паштоўкі. З іх ганарліва глядзеліся брукаваныя вуліцы, чыста вымытыя нядаўнім летнім дажджом, сіненькая бліскучая рачулка, у хвалях якой адлюстроўваліся акуратныя і нейкія нібы цацачныя рознакаляровыя домікі з чырвонымі цаглянымі дахамі… Не хапала толькі брычак з конямі і мінакоў у касцюмах 19 стагоддзя для паўнаты ўражання. “Прага?” – шчыра падумаў я. Але калі агучыў сваю здагадку, знаёмая толькі ўсьміхнулася. Як жа я здзівіўся, калі даведаўся, што ўся гэта прыгажосць – ў Беларусі! Больш за тое, у Менску! Родны горад, аказваецца, быў значна больш таямнічым і прыгожым, чым мне заўсёды падавалася. І неяк неўзабаве нядаўна ўспомнілася мне гэтае цікавае “адкрыццё” ў адзін з самотных восеньскіх дзён… Засталося толькі ўзяць у рукі фотаапарат, не забыцца пра нататнік з асадкай – і наперад у мінулае! Яшчэ на выхадзе з метро адразу адчуваеш, як вока чапляецца за панараму Траецкага прадмесця. Мо, справа ў сапраўды вясёлых рознакаляровых адценнях дамоў. Набярэжная Свіслачы дзівіць сваім архітэктурным кантрастам. Сталінская манументальная забудова з рэзкімі лініямі і шэрымі колерамі ў гэтым месцы няўхільна саступае, скараецца перад вытанчаным і, разам з тым, сціплым краявідам Старога горада. Калі прыглядзецца, то зробіцца відавочна, штоТраецкае прадмесце сапраўды нечым нагадвае Прагу, настолькі ён напоўнены нейкім зусім не тутэйшым духам сапраўднага еўрапейскага класіцызму. Гэты дух ахутвае кожнага мінака, ледзь толькі той стае на старыя, брукаваныя абцясанымі камянямі вулачкі, зловіць сваё адлюстраванне ў невялікіх, быццам напоўненых даўніной вокнах. Маленькі кавалачак старога гораду захаваўся ў самым цэнтры горада новага. Усе збудаванні Траецкага зробленыя ў адзіным архітэктурным стылі, які быў распаўсюджаны ў Менску ў канцы 19 – пачатку 20 ст.. Нажаль, сёння ад былога архітэктурнага ансамблю застаўся толькі невялікі адрэзак на беразе ракі Свіслач. Сучасная “беларуская Прага” знаходзіцца ля станцыі метро “Няміга”. Дарэчы, самой рэчкі Нямігі сёння пабачыць ужо амаль няма магчымасці, калі вы не з’яўляецеся аматарам гарадской спелеялогіі, дыггерам або супрацоўнікам камунальных службаў. Прасцей кажучы, былая паўнаводная рака Няміга зараз цячэ толькі ў трубах, пракладзеных ад станцыі метро “Інстытут культуры” да Свіслачы ў цэнтры горада. Праўда, яшчэ гадоў 150 таму гэтае месца нельга было назваць цэнтрам. Зусім наадварот, Траецкія дамы, якія атрымалі сваю назву, па меркаванню гісторыкаў, ад Траецкай царквы, стаялі на перыферыі гораду, таму і зваліся прадмесцем. Сваю старадаўнюю сівую гісторыю Траецкае прадмесце распачынае прыкладна ў 10-11 ст.. Згодна тагачасным летапісам, на тым самым месцы, сярод лесу, быў пабудаваны невялікі праваслаўны манастыр. Трохі пазнеў ужо ля манастыра мясцовыя майстры зрабілі дразляную Свята-Узнясенскую царкву. На другім беразе ракі Свіслачы, прама насупраць Траецкай гары, размяшчаўся калісьці таксама ж драўляны Менскі замак – абаронная пабудова і сымбаль Менскага княства. У сёнешні час на ўзвышшы Траецкай гары, аккурат на месцы былога замчышча, месціцца Оперны тэатр. Пасля бітвы на Нямізе 6 сакавіка 1067 года, якая ўвайшла ў летапіс “Аповесць мінулых гадоў” як найбольш жорсткая і крывавая падзея, Менскі замак стаў прыналежнасцю полацкага князя Усяслава Чарадзея. Сваю назву, вядомую нам сёння, прадмесце атрымала толькі ў 1390 годдзе ў гонар касцёлу Найсвяцейшай Троіцы. Як і большасць драўляных пабудоў, касцёл не абмінула доля быць спаленым. Тым не менш, доўгія гады на Траецкай гары размяшчаліся самыя разнастайныя рэлігійныя збудаванні. 16 стагоддзе адзначылася для Траецкага прадмесця буйным росквітам гандлю. Быў пабудаваны вялікі рынак, а ля сценаў босскіх храмаў як грыбы пасля дажджу раслі шматлікія крамы, будаваліся начлежкі, лазні, карчмы і баракі. Але найбольш значнай адміністрацыйнай і сацыяльнай кропкай у сярэдневяковым Менску быў порт на беразе Свіслачы. Горад, удала ўсталяваны на скрыжаванні шматлікіх шляхоў, атрымаў яшчэ адзін чыннік, каб звацца адным з найбуйнейшых цэнтраў гандлю таго часу. Ішлі гады, няспынна рос славуты Менск. Замест дрэва для сценаў на еўрапейскі манер усё часцей сталі выкарыстоўваць цэглу, а для дахаў – чарапіцу. Тое, што мы бачым у Траецкім прадмесці ў сучаснасці – гэта рэшткі, якія засталіся ад старога горада, ацалеўшыя ў шматлікіх пажарышчах і войнах. Тым не менш, ня гледзячы на невялікія памеры Траецкага прадмесця, і тут можна знайсці шмат цікавостак як з гістарычнай, так і з проста абывацельскай кропак гледжання. Кожнага турыста, ды і жыхара Менску, які вырашуў адпачыць і пашпацыраваць па роднаму гораду, зацікавяць не толькі чырвоныя прыкметныя дахі і фасады дамоў, адразу прыцягваючыя вока, але і тое, што знаходзіцца ўнутры сценаў Траецкага. Цікава, што і да сёнешняга дня прыкладна каля дзясятка будынкаў у Траецкім застаюцца жылымі. Іх вокны выходзяць на ціхую вуліцу з мілагучнай назвай “Старавіленская”. Дарэчы гэткую ж назву мае і адна з двух кавярняў. Другая ж завецца “Траецкай”. Абедзьве яны знаходзяцца ў прыгожых забудовах і маюць адметны ўнутраны каларыт “пад старажытнасць”. Гэткім жа “піяр-ходам” карыстаюцца і амаль усе астатнія камерцыйныя ці дзяржаўныя кампаніі ў Траецкім. Тут вы можаце пабачыць амаль што аўтэнтычную для пачатку 20 ст. аптэку – адну з першых аптэк у горадзе, якая была адчыненая яшчэ ў сярэдзіне 17 ст. Ці ведалі вы раней, што сымбалем доўгалецця і здароўя калісьці лічыўся… кракадзіл? Дык вось калі вы знойдзеце час, абавязкова зайдзіце ў траецкую аптэку! Мабыць, нідзе ў Беларусі вы не ўбачыце больш чучала кракадзіла, падвешага пад столь, антыкварныя лякарскія прыналежнасці і медыцынскія кнігі у скураных вокладках, выкладзеныя на паліцах для прагляду. І гэтак жа сама выглядала аптэка і сто, і дзьвесьці гадоў таму! Яшчэ адной адметнасцю Траецкага, без сумнёваў, з’яўляецца кнігарня “Вянок”. Названая так у гонар першага і апошняга зборніка Максіма Багдановіча, што выйшаў пры жыцці творцы, гэтая кнігарня ўвасабляе ў сябе тыповы выгляд кнігарняў 19-20 ст.. 19 снежня 1891 года славуты паэт Беларусі Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся ў гэтым самым прадмесці. Ён пражыў усяго 25 год, але паспеў пакінуць пасля сябе шматлікія творы, публіцыстычныя артыкулы і пераклады. Славуты сын Беларусі, лёсам якога стала жыццё ў Расеі, ён ніколі не забываўся аб сваёй Бацькаўшчыне і быў да бясконцасці адданы ёй у сваіх думках і вершах. Памяці і гонару Багдановіча прысвечаны музей яго імя, які размяшчаецца ў трохпавярховым, выфарбаваным ў зялёны і белы колеры, будынку. Таксама побач маецца музей прыроды, які можа зацікавіць як дзяцей, так і больш сталых наведвальнікаў. У адным з будынкаў прадмесця месціцца музей народнай творчасці і крама, у якой кожны жадаючы можа набыць на памяць сувеніры, паштоўкі з выявамі гораду і ўласна Траецкага прадмесця. Назва адной з вуліц ля Траецкага таксама завецца імём Максіма Багдановіча. З большасці, ў ёй размешчаныя кафэ, рэстараны ды іншыя не жылыя памяшканні. Гул і рэха машын перастае чувацца тут толькі глыбокай ноччу, і ў цішы становіцца чуваць гэдкія сонныя ўскрыкі чаек над Свіслаччу. Сям’я іншага, не менш знакамітага творцы Янкі Купалы, таксама пэўны час жыла ў Траецкім прадмесці. Мабыць, нездарма гэтае месца вабіла і вабіць мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў з усёй Беларусь. Як ведаць, мо, і сёння нехта з маладых, яшчэ не вядомых “аматараў пяра і паперы” натхняецца гэтымі буржуазна-спакойнымі, ціхімі завулкамі?.. Вяртаючыся па сваіх жа кроках у бок Нямігі, можна пабачыць скульптурную выяву “Беларускага Леанарда да Вінчы”. Так завуць людзі знакамітага даследчыка беларускай культуры, мастака, скульптара, этнографа, астранома і знаўцу літаратуры, які жыў на Беларусі ў 1888-1954 гадах. Драздовіч не проста цікавіўся родным краем з навуковай кропкі гледжання, але і быў заўзятым вандроўнікам. Менавіта таму скульптар І.Голубеў адлюстраваў яго ў сваёй працы як статнага чалавека з кіем і торбай цераз плячо. Яшчэ адным сучасным памятнікам, але ўжо з горкай гісторыяй, з’яўляецца мемарыяльная пліта ў памяць аб трагедыі на Нямізе, якая адбылася ў 30 траўня 1999 года. У той дзень на прыступках метро загінулі 53 чалавекі, сярод якіх, у асноўным падлеткі і моладзь 14-20 гадоў. Акрамя мемарыяльнай пліты на ўваходзе ў станцыю метро “Няміга” таксама ўсталяваны памятнік, які ў народзе завецца “ружанькамі” або “ружамі”. Нібыта для таго, каб аплакаць усіх сыноў і дочак Беларусі, загінуўшых у розныя часы ў трагедыях і войнах, недалёк ад Нямігі і Траецкага прадмесця сярод ракі невялічкаю, але адметнаю выспаю стаіх Востраў слёз. Закладзены як будучы мемарыяльны комплекс яшчэ ў 1988 годдзе, Востраў слёз з’яўляецца помнікам беларускім салдатам-афганцам. Але, па-сутнасці, на яго прыходзяць людзі, якія жадаюць ушанаваць памяць усіх воінаў, якія змагаліся за нашу Радзіму ва ўсе часы гісторыі. Стоячы на Востраве слёз, можна добра ўбачыць усю панараму Траецкага прадмесця і вуліцы Нямігі. Адсюлю таксама добра відаць храмы – як і сотні гадоў таму, тут месцяцца шматлікія рэлігійныя забудову: Спаса-Петра-Паўлаўскі храм, Свята-Духаў Кафедральны сабор ды іншыя. І сапраўды ў гэтых мясцінах адчуваецца нешта звыш простага разумення, больш духоўнага сэнсу, чым рэальнага. Кожны, хто апынецца ў Траецкім, дазволіць яму захапіць свае думкі і пачуцці, вернецца ўжо трошкі новым чалавекам. Стары горад, беларуская Прага, святое месца, турыстычная Мекка Менску і шмат іншых узнёслых назваў – усё гэта Траецкае прадмесце.
(с) Тамаш Воўк
|