|
Вы здесь
Частка першая: Нясьвіж
Баль адшумеў, і ціша навакол. “Чорная панна Нясьвіжа”, А. Дудараў
На шляху паміж вялікім, сталічным Менскам і славутым горадам майстроў Слуцакам у трошкі санлівым, па-летняму ціхім задуменьні стаіўся старажытны Нясьвіж, даўняя рэзідэнцыя ліцьвінскага магнацкага роду Радзівілаў гербу “Трубы”. Ніводзін турыстычны спадарожнік па Беларусі сёньня не абыйдзецца без хоць бы невялічкага апісаньня гэтага месца, так што можна з упэўненасьцю назваць Нясьвіж адным з самых “растэрыжаваных” архітэктурна-гістарычных помнікаў у нашай краіне.
Каб дабрацца да Несьвіжу з Менску, неабходна пераадолець 112 кіламетраў на паўднёвы захад ад сталіцы. Уладальнікі аўто хутка дабяруцца па амаль што прамой, як страла, шашы Р1, што рэзка зварочвае ўлева амаль ля самога Нясьвіжу. Таксама ж сёньня без асаблівых складанасьцяў шлях можна праехаць на электрычцы і аўтобусе. Калісьці акружаная з усіх бакоў густымі лясамі, сёньня рэзідэнцыя Радзівілаў трошкі самотна глядзіцца сярод сельскагаспадарчых палёў і сучасных будынкаў-скрыначак. Толькі вытокі ракі Вушы, што абдымае сваімі сінімі рукамі Нясьвіскі палац, яшчэ дазваляюць узгадаць былы ландшафт. Нават тыя зь беларусаў, хто ні разу ў жыцьці не быў у Нясьвіжы, заўсёды ўзгадаюць Палац Радзівілаў – яскравы прыклад сярэднявечнага дойлідства стылю барока. Чаыры стагоддзі запар, пачынаючы з 1551 года, палацава-замкавы комплекс быў галоўнай рэзідэнцыяй старажытнага шляхецкага роду Вялікага Княства Літоўскага. Самы першы палац у Нясьвіжы быў зусім не падобны на тое, што мы можам бачыць сёньня. Ён меў драўляныя сьцены і больш сьціплыя памеры. Першым гаспадаром палацу і распачынальнікам яго будаўніцва згодна з прывілеям караля Жыгімонта ІІ Аўгуста быў вядомы ўсім Мікалай Радзівіл Чорны.
З самага пачатку палац меў менавіта абарончыя функцыі. Нават і да гэтага часу пад барочнымі ўпрыгожваньнямі комплексу мы можам адчуць першапачатковае суворае і сур’ёзнае аблічча ўсіх збудаваньняў. Мікалай Радзівіл Чорны, шляхціч-пратэстант, вядомы сваім ваяўнічым і стрыманым характарам, уклаў у Нясвіскі палац асабістыя рысы і пажаданьні. Далейшае сваё развіцьцё замак атрымаў у 1583 годдзе, калі па загаду Мікалая Радзівіла Сіроткі і праекце архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні з Італіі пачалі ягоную перабудову. Акрамя таго, Бэрнардоні таксама быў аўтарам першага ў Рэчы Паспалітай і другога ў Еўропе ранне-барочнага касьцёлу, атрымаўшага назву Фарны (будучы сямейны склеп Радзівілаў).
Збудаваны на правым беразе ракі Вушы, першы Нясьвіскі замак быў трохпавярховым і меў памеры прыкладна 170 на 120 метраў. Звонку па ўсяму перыметру яго акружаў вялікі роў, а таксама ж земляны вал. Узровень вады ў рове рэгуляваўся пры дапамозе сістэмы дамбаў – сёньня мы можам бачыць іх стылізацыю. Дзеля ўзмацненьня абароны на тэрыторыі замку быў выкапаны калодзеж, а таксама па баках вылі вырытыя два штучныя вадаёмы. 16 стагоддзе было часам бесперапыннага палітычнага і ваеннага супрацьстаяньня жыхароў Вялікага Княства Літоўскага са шматлікімі ворагамі: на захадзе – крыжаносцы, на ўсходзе – маскавіты і мангола-татары. Неспакойна было і ўнутры самой краіны, увесь час раздзіраемай складанымі працэсамі дзяржаўнага ўтварэньня, раздробленасьцю шляхты і ўстанаўленьнем на гэтым фоне дынастычнай манархіі Жыгімонта ІІ.
Усё гэта паўплывала на выгляд тагачасных будынкаў. Нават касцёлы і цэрквы набывалі абарончыя рысы – вузкія войны-байніцы, дадатковыя ўмацаваньні, таемныя ўваходы і г.д. Гэткім жа быў і палац Радзівілаў у Нясьвіжы. Гісторыкі лічаць яго адным з першых гэтак званых “новаітальянскіх” абарончых збудаваньняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. За чатыры стагоддзі палацавы комплекс у Нясьвіжы быў гарматнай майстэрняй (так званай “людвісарняй”), самай першай у ВКЛ. У 1576 годдзе тут было адліла першыя сем гарматаў, а пасля менавіта гэткая магчымасьць дапамагала абаронцам замку пасьпяхова адбівацца ад ворагаў.
Тым не менш, у 1706 годдзе, падчас разбуральнай для ВКЛ Паўночнай вайны, палац трапіў пад захоп швецкага войска. Чужынцы прынесьлі зямлі ліцьвінаў і самому радзівільскаму замку шматлікія пашкоджаньні. Бастыёны і абарончыя пабудовы апошняга былі ўзарваныя і зруйнаваныя. Новай старонкай у перабудове і ўзмацненьні палацу стала праца архітэкара Казіміра Ждановіча па загадзе Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Менавіта ў той час замак, нарэшце, пераўтварыўся ў палацавы комплекс, вядомы па зьнешняму выгляду сучаснаму турысту. З’явіліся элементы барочнага ўпрыгажэньня, модныя ў 18 стагоддзі. У 1740 годдзе палацавы комплекс атрымаў завершаную форму, падобную на замкнёны пяцікутнік. На ягонай тэрыторыі была пабудаваная капліца.
Далейшыя гістарырычныя падзеі таксама ж паўплывалі і на лёс Нясвіскага замку. Тры падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якой нашая краіна апынулася ў складзе тагачаснай Расейскай Імперыі, а пасьля і вайна 1812 года з Напалеонам Банапартам прывялі да часовага заняпаду рэзідэнцыі Радзівілаў. Дамінік Геранім Радзівіл, які выступіў на баку Францыі, а затым і разам з Банапартам атрымаўшы паразу ад царскіх войскаў, пазбавіўся радавой маёмасьці. Гэта быў апошні наўпросавы прадстаўнік нясьвіскай лініі роду Радзівілаў. У 1885 годдзе палацавы комплекс у Нясьвіжы, нарэшце, вярнуўся да сваіх законных уладальнікаў і пачаў аднаўляцца. Больш за 90 гектараў зямлі вакол замку было аддана пад распрацоўку пяці паркаў, знешняе і ўнутранае аздабленне комплексу таксама было адрэмантавана і атрымала былы велічны выгляд.
Пераломным момантам у лёсе Нясьвіскага палацавага комплексу Радзівілаў стаў 1939 год. Вымушаныя з’ехаць у замежжа, Радзівілы больш не мелі магчымасьці неяк паўплываць на лёс сваёй родавай маёмасьці ў Нясьвіжы. Замак быў адданы пад прафсаюзны санаторый. Шматлікія дэкаратыўныя элементы ўнутры і звонку былі знішчаныя або моцна пашкоджаныя. Яшчэ амаль цэлае стагоддзе палацавы комплекс будзе павольна зьнішчацца надвор’ем і абыякавасьцю людзей. І толькі ў 1991 годдзе комплекс быў перададзены пад кантроль Міністэрства культуры Беларусі, якое распачало рэстаўрацыйную працу.
Ноч з 24 на 25 сьнежня 2002 года стала для Нясвіскага палацавага комплексу адной з разбуральных. Невыкананьне правілаў тэхнікі бяспекі сярод рэстаўрацыйных рабочых прывяло да таго, што ва ўзьняўшымся пажары дашчэнту згарэлі ўсе ўнікальныя драўляныя перакрыцьці і роспісы столі палацу. На сёнешні дзень, рэстаўрацыйныя работы ў Нясвіскім палацы завершаныя, і над галоўнай брамай зноў можна бачыць герб ягоных былых гаспадароў Радзівілаў. Разам з барочным Фарным касцёлам замак атрымаў статус архітэктурна-гістарычнага помніку і знаходзіцца пад аховай ЮНЭСКА.
Частка другая: Мір
Ды Графіч, радня хоць далёка Гарэшкаў, Адам Міцкевіч "Пан Тадэвуш", пераклад Браніслава Тарашкевіча
Мы пакідаем велічны Нясьвіж, каб скіравацца на 30 кіламетраў у паўночна-заходнім напрамку і патрапіць прама ў мястэчка Мір. Там стаіць другая пярліна беларускай гістарычнай архітэктуры і яшчэ адна былая ўласнасьць роду Радзівілаў – Мірскі замак. Побач з вакном праносяцца ўсё тыя ж знаёмыя сельскагаспадарчыя палі і зьмешаныя лясы з рэдкімі сасновымі купінамі. Вецер імкліва дзьмуе ў расчыненае вакно і даносіць пах фермы… Пастараль.
Мір сустракае гэтак жа ціха і трошкі лянотна. Металёвая карычневая шыльда паказвае, што недзе бліжэй да цэнтру знаходзіцца галоўная кропка нашага спадарожжа. І сапраўды, шукаць шмат не прыходзіцца. Праз якіясьці трыста метраў сярод абкошанай прасторы паказваецца гмах Мірскага замку, падтыкаючы небы ўсімі пяцьцю вежамі з акуратнымі сьцяжкамі-флюгерамі. У адрозьненьні ад Нясьвіскага палацу, уваход ва ўнутраны двор замку бясплатны, і мы ўліваемся ў гасьцінна расчыненыя дзьверы з натоўпам турыстаў. Адразу з усіх бакоў пачынаюць пстрыкаць фотаапараты, нібыта іх уладальнікі імкнуцца забраць на памяць выкляд кожнага каменьчыка старога, апавеянага стагоддзямі будынку… І ня дзіўна, бо, ня гледзячы на недарэчную сучасную музыку, што нястройнай плыняй льецца з намёту кафэ побач, унутры замку ўсё яшчэ адчуваецца той самы цяжкі і таямнічы подых мінулага. Вялічэзнасьць сьценаў, іх магутнасьць і таўшчыня, іх безумоўныя абарончыя здольнасьць дзівяць, але не прыціскаюць. Наадварот, кожная частка будынку, кожная байніца ці зубец на вежы нібы гавораць: “Тут ты пад абаронай”.
Шмат стагоддзяў таму продкі сучасных жыхароў Міру беглі пад ахову Радзівілаўскай брамы і гэтых сьценаў, ратуючыся ад варожых нападаў. Упершыню мястэчка, а тады толькі невялікае пасельшча Мір узгадваецца каля 1345 года, калі яно было зруйнаванае крыжакамі на чале з вялікім магістрам Тэўтонскага ордэну Конрадам фон Юнгенгемам. Тады Мір прыналежыў самому князю Вітаўту Вялікаму, але пасьля было перададзена ім уласнаму брату Жыгімонту Кейстутавічу, а той, у сваю чаргу, аддаў яго паплечніку кашталяну віленскаму Пятру Сеньку Гедыгольдавічу. Так, неўзабаве, у 1486 годдзе Мір апынуўся пад уладай роду Ільінічаў гербу “Корчак”. Менавіта Ільінічы пачалі першае сапраўднае ўмацаваньне паселішча Мір і ўласнага двару – абнесьлі яго земляным валам і пабудавалі чатыры брамы на напрамках дарог: Менскай, Слонімскай, Віленскай і Замкавай. Дагэтуль гісторыкам невядома, што паслужыла падставай дзеля пачатку будаўніцтва такога вялікага мураванага будынку, бо ў тыя часы ніхто ў Вялікім Княстве Літоўскім не будаваў прыватных замкаў, а калі і рабіў тое, то ў якасьці асноўнага матэрыялу выкарыстоўвалася дрэва. Беларускі паэт, публіцыст і этнограф Уладзіслаў Сыракомля піша наконт гэтага: “Татарскія спусташэнні, сваркі Забжазінскіх, Ільінічаў, Кішкаў, Глябовічаў і іншых літоўскіх магнатаў з гордым і магутным Міхаілам Глінскім, сваркі, якія прывялі да таго, што Забжазінскі быў пазбаўлены ваяводскай пасады, а Крыштоф Ільініч трапіў у турму, і яшчэ жахлівы лёс Яна Забжэзінскага, на якога Глінскі ўчыніў наезд, замардаваў ва ўласным доме, - усё гэта, відаць, і натхніла Юрыя Ільініча пабудаваць у Міры крэпасць”.
Невядомай дакладна дагэтуль застаецца і дата закладкі будаўніцтва замку. Яна вагуецца недзе паміж 1506-м і 1527-м г.г. Першапачатковы выгляд Мірскага замка, якім ён быў у 16 стагоддзі, меў адметныя рысы беларускай позняй готыкі. Як і ўсялякая абарончая пабудова, ён меў вялікія падземныя памяканьні, якія служылі ў якасьці таемных ходаў. Сьцены былі збудаваныя ў выглядзе квадратага чатырохкутніку, замацаваных моцнымі вежамі вышынёй прыкладна 25 метраў. Што датычыцца таўшчыні і вышыні сьценаў, то яны складалі каля 3 і 13 метраў адпаведна. Усё гэта не было зроблена за некалькі дзесяткаў год. Будаўніцтва Мірскага замку расьцягнулася на два стагоддзі. Разам з ім у Гнезна таксама ж быў пастаўлены касцёл Сьвятога Міхала, які архітэктурна падобны да замку. У рэшце рэшт, па завяршэньні будаўнічых працаў дзед Юрыя Ільініча, таксама Юрый атрымаў такі доўгачаканы тытул графа Сьвяшчэннай Рымскай Імперыі. Аб гэтым сьведчыць Дарчая грамата Фердынанда Габсбурга: “Яго замак Мір і ўсю адміністрацыйную акругу з усёй маёмасцю мы ўзводзім на ступень графства, гэтае званне надаём самому Юрыю Ільінічу, яго дзецям, нашчадкам і законным спадчыннікам разам з усімі іх дзецьмі абодвух полаў, цяперашнімі і тымі, якія народзяцца, ад сённяшняга дня і ва ўсе будучыя часы, называючы іх ад гэтага графства замка Мір графамі”.
Не пакінуўшы пасьля сябе сына, апошні з роду Ільінічаў быў вымушаны перадаць маёмасьць, у тым ліку і Мірскі замак пад уласнасьць роду Радзівілаў, паколькі ягоны бацька быў жанаты на Соф’і Радзівіл, сястры самога Мікалая Радзівіла Чорнага. Новым уладальнікам мястэчка Мір разам з усімі ягонымі землямі і будынкамі стаў Мікалай Кшыштаф Радзівіл Сіротка. Так, пачынаючы з 1569 года, тры стагоддзі замак прыналежыў роду Радзівілаў. Павеі італьянскага рэнесанса не маглі не адбіцца і на суворым сярэднявечным выглядзе Мірскага замку. Так пад кіраўніцтвам Яна Марыі Бернардоні ў 1580-1590-я г.г. ён пераўтварыўся з трохі няўтульнага, але моцнага абаронцы сваіх гаспадароў, у сапраўдны трохпавярховы палац. Ягоныя вежы сталі прыстасаванымі для жыльля, унутраныя памяшканьні набылі адпаведныя стылёвыя ўпрыгожванні, роспісы і афарбоўку. Тым не менш, палац усё яшчэ, галоўным чынам, меў менавіта абарончы накірунак, таму па загадзе гаспадароў быў дадаткова пабудаваны вал з басціёнамі дзеля супрацьстаяньня больш дасканалай тагачаснай зброі. Час ішоў, і Мірскі замак стаў адміністрацыйным цэнтрам Мірскага графства. Цяпер у ім разьмяшчаліся, апроч іншага, замкавы суд і канцэлярыя. Акрамя таго, ён выконваў ролю загараднай рэзідэнцыі Радзівілаў, якія маглі прыязджаць сюды на адпачынак зь Нясьвіжу.
У 1599-1605 г.г. у Міры быў пабудаваны Касцёл сьвятога Міхала, які сваім зьнешнім выглядам даволі нагадваў Касьцёл у Гнезна. Ён таксама выкананы ў архітэктурным стылі італьянскага рэнесансу з чырвоных цаглінаў. Адначасова да сёнешняга часу Касцёл выконвае функцыю крыпты. Роўна да 1655 года Мірскі замак пражыў, адпаведна сваёй назве – мірна. Падчас вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 г.г. ён перажыў напад войска ваяводы А.Трубяцкога і казакоў І.Залатарэнкі. Жылыя пабудовы ягоныя і само мястэчка Мір былі разрабаваныя і зруйнаваныя. У гэтым жа годзе шведскае войска другі раз спаліла і зьшчыла Мірскі замак і ягонае навакольле. Напрацягу шматлікіх год збудаваньні палацу і мястэчка цярпелі ад нападаў салдатаў як чужых, так іншы раз і ўласных салдатаў. Не пашкадавала Мір і Паўночная вайна 1700-1721 г.г., у якім ліцьвінскія ваяры Рэчы Паспалітай ізноў сутыкнуліся ў бітвах з маскоўскімі войскамі. Канфлікт, распалены паміж тады яшчэ маладым Царствам Рускім і магутным у тыя часы Каралеўствам Швецкім, вогненым мячом і цэпам прайшліся па зямлі Вялікага Княства Літоўскага. Тым не менш, усё сканчаецца, скончыліся і бітвы. За ўзнаўленне былой велічы і прыгажосьці Мірскага замку ўзяўся наступны нашчадак славутага роду Радзівілаў – Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Новы час дыкнуе новыя правілы архітэктуры. На зьмену строгім геаметрычным лініям рэнесансу прыходзіць разнастайнасьць залаў і памяшканьняў розных памераў, на сьценах з’яўляюцца вычурныя роспісы, карціны, арнаменты і ўзоры. Над усім пануе гульлівае, гедэністычнае барока. Увогуле, замак стаў больш прадметам для гонару, чым рэальным жытном Радзівілаў. Таму побач з ім быў разьмешчаны драўляны панскі дом – сёньня яго б назвалі катэджам. Мірскі палац атрымаў ганаровую, але трохі сумную ролю будынку для правядзеньня вялікіх мерапрыемстваў, а ў іншы час па яго вялізарных унутраных пакоях шпацыраваў адзін толькі вецер.
Адным з найбольш цікавых перыядаў свайго доўгага жыцьця Мірскі замак перажыў падчас пражываньня тут сына Рыбанькі, Караля Станіслава Радзівіла “Пане Каханку”. Ажаніўшыся, паніч амаль увесь час праводзіў у гульнях, паляваньні і забавах у Мірскай сямейнай рэзідэнцыі. Чаго толькі не набачыліся гэтыя сьцены, якіх толькі панскіх вар’яцтваў не начуліся старыя камяні… Чаго толькі каштавала яго любімая забаўка – плаціць салдатам за тое, каб яны лезлі на дрэвы і кукавалі адтуль, а ваявода віленскі страляў ім перцам па “пятых кропках”! Аднойчы ж Каралю Станіславу “Пане Каханку” дужа захацелася пакатацца на санях… дык ён загадаў засыпаць дарогу соллю і гэткім чынам здзейсьніў свой намер. Герой шматлікіх анекдотаў, неверагодных ці нават жунастых гісторый, гэты Радзівіл сапраўды чымсьці нагадваў вядомага ўсім барона Мюнхеўзана. У рэшце рэшт, астатняя шляхта Вялікага Княства Літоўскага, абураная паводзінамі наследніка Радзівілаў, дамаглася, каб яго выслалі ў эміграцыю, адкуль гэты хітрун усё ж такі здолеў вярнуцца. Ня гледзячы ні на што, Караля Станіслава любілі ўсе навокал за яго лёгкі нораў, гумар і розум. Менавіта пры ім у 1778 годдзе з Вялікім Княстве Літоўскім было ўрэгуляванае пытаньне з цыганамі. Князь увеў тытул караля цыганаў і зацьвердзіў на гэтай высокай пасадзе мяшчаніна Яна Мартынкевіча. Вось такім чынам Мір на некаторы час пераўтварыўся ў сапраўдную, хоць і неафіцыйную сталіцу цыганаў у ВКЛ.
Нажаль, наступныя стагоддзі былі не такімі добрымі і лагоднымі да Мірскага замку. Пасьля сьмерці “Пане Каханку” ўладаром зямель стаў Дамінік Геранім Радзівіл, які пазьней выступіў на баку Напалеёна ў вайне 1812 года. Але перад гэтым землі Рэчы Паспалітай чакалі тры ганебных падзелы, у выніку якіх Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў складзе Расейскай Імперыі. Свае адбіткі на мурах Мірскага замку і мястэчка Мір пакінулі і мужнае паўстаньне Тадэвуша Касцюшкі 1794 года, і шматлікія марадзёрствы з боку армій, якія тапталі маёнтак Радзівілаў з абодвух бакоў. Пасьля паразы Францыі ў вайне з Расеяй, уся маёмасьць Радзівілаў была адабраная ў іх па загадзе расейскага імператара. Праз разнастайныя судовыя справы Мірскі замак перайшоў пад уласнасьць роду Вітгенштэйнаў. Праходзілі годы, і ён усё больш нагадваў струпехлы каркас былога раскошнага і прывабнага палацу, якім быў раней. У 1891 год Мір быў праданы за 414 тысяч рублёў срэбрам ва ўласнасьць Мікалая Іванавіча Сьвятаполка-Мірскага. Нягледзячы на падабенства прозьвішча, род Сьвятаполка-Мірскіх не мае дычыненьня ўласна да мястэчка.
Апошнім уладаром Мірскага замку і мястэчка з’яўляецца Міхал Святаполк-Мірскі, цудам пазьбегнуўшы высылкі ў Сібір у 1939 годдзе з прыходам бальшавікоў… На гэтым, можа быць, трэба б і было паставіць кропку ў доўгай, нялёгкай і, безумоўна, старажытнай гісторыі Мірскага замку і мястэчка Мір. Але, усё ж такі, яшчэ ёсьць, пра што расказаць, бо гэтае месца, першапачаткова створанае як абарончае збудаваньне, і пасьля зьнікненьня ўласных гаспадароў працягвала абараняць людзей, натхняючы іх на барацьбу з ворагамі і прыгнётам. Так у часы Другой сусьветнай вайны ў Міры было створана габрэйскае гета, дзе пазьней нарадзілася група супраціву нямецка-фашыстскім захопнікам. Пасьля вайны ў памяць ахвярам у паўночным Ерусаліме быў высаджаны цэлы лясны масіў з 1000 дрэваў – лес Мір. Напрацягу ўсіх год нават да сёнешняга часу замак заставаўся прытулкам і аховай людзей, яны заўсёды туліліся за ягоныя сьцены, а ён мужна і бездакорна абараняў іх, як рабіў гэта і сто, і дзьвесьці, і трыста гадоў таму. 25 ліпеня 1983 года настаў час людзям выказаць старому Мірскаму замку сваю ўдзячнасьць – была распачата ягоная рэстаўрацыя. У 2000 годдзе замкавы комплекс Мір быў уключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.
(с) Томаш Воўк
Чытаць іншыя артыкулы: Катэгарычна аб'яўляю, што я пісьменнік Беларусі... (90 гадоў са дня нараджэння Васіля Быкава) Пакуль жывеш... (артыкул на памяць Рыгора Барадуліна) Чырвоныя дахі Траецкага (артыкул аб Траецкім прадмесці ў Мінску) Цені мінулага пад старымі яблынамі Лошыцы (артыкул аб Лошыцкім парку ў Мінску) 1914 год: Беларусь у часы Вялікай вайны (артыкул аб Першай сусветнай вайне на Беларусі) |