Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

“Не, ўвесь я не памру…”. Аляксандр Сяргеевіч Пушкін і Беларусь

У 1899 г., калі святкавалася стагоддзе з дня нараджэння  Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, у Мінску быў створаны камітэт па падрыхтоўцы мерапрыемстваў да юбілею паэта. Акрамя іншага, камісія паставіла пытанне аб адкрыцці ў Мінску публічнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, каб “тым самым назаўсёды захаваць у памяці народа імя вялікага рускага паэта”. Прапанова была падтрымана, і неўзабаве камісія звярнулася да насельніцтва горада з просьбай сабраць на гэтую мэту кнігі або грашовыя сродкі. За кароткі час было сабрана 2000 кніг і 1545 рублёў грашыма.

27 снежня 1900 г. Мінская гарадская публічная бібліятэка імя А. С. Пушкіна вітала першых наведвальнікаў.

Паэт у Беларусі
Было б перабольшваннем сцвярджаць, што Аляксандра Пушкіна звязвалі цесныя сувязі з нашай краінай. Але пэўныя дачыненні ўсё ж такі ёсць.
Па-першае, паэт двойчы наведваў Беларусь. Праўда, абодва разы падставы для наведванняў былі сумнымі — праз беларускія землі ішлі шляхі палітычных ссылак Аляксандра Пушкіна. У маі 1820 г. паэта выслалі на поўдзень Расійскай імперыі, у Кішынёў, у якасці пазаштатнага чыноўніка — так палітычнае пакаранне замаскіравалі пад службовы перавод. Беларускі маршрут у паўднёвую ссылку пралягаў праз Полацк, Віцебск, Бабінавічы, Оршу, Магілёў, Чачэрск і Беліцу.
Гэты ж шлях Аляксандру Пушкіну давялося паўтарыць праз чатыры гады, калі ён у жніўні 1824 г. вяртаўся з Адэсы і накіроўваўся ў маёнтак сваёй маці Міхайлаўскае пад нагляд мясцовых уладаў.  Самым, бадай, уражлівым момантам гэтай вандроўкі была сустрэча Пушкіна са знаёмым па Царскасельскім ліцэі Аляксандрам Распопавым — афіцэрам Лубенскага гусарскага палка, які быў накіраваны ў той час у Магілёў для “удасканалення па службе”. Вось як афіцэр апісваў гэтую сустрэчу ў сваіх успамінах: “6 августа 1824 года, когда перед манежем полковая музыка играла вечернюю зарю, а публика, пользуясь праздничным днем и приятною погодою, гуляла по Шкловской улице, проезжала на почтовых, шагом, коляска; впереди шел кто-то в офицерской фуражке, шинель внакидку, в красной шелковой, русского покроя рубахе, опоясанной огагиником. Коляска поворотила по Ветряной улице на почту; я немедленно поспешил за нею, желая узнать, кто приезжает. Смотритель сказал мне, что едет из Одессы коллежский ассесор Пушкин; я тотчас бросился в пассажирскую комнату и, взявши Пушкина за руку, спросил его:
— Вы, Александр Сергеевич, верно, меня не узнаете? Я — племянник бывшего директора Лицея — Егора Антоновича Энгельгардта; по праздникам меня брали из корпуса в Царское Село, где вы с Дельвигом заставляли меня декламировать стихи.
Пушкин, обнимая меня, сказал:
— Помню, помню, Саша, ты проворный был кадет.
Я, от радости такой неожиданной встречи, не знал, что делать; опрометью побежал к гулявшим со мною товарищам известить их, что проезжает наш дорогой поэт А. С. Пушкин. Все поспешили на почту. Восторг был неописанный. Пушкин приказал раскупорить несколько бутылок шампанского…”.
Па-другое, беларускія рэаліі знаходзілі ўвасабленне ў творчасці паэта пры апісанні сельскіх краявідаў і аднастайных паштовых трактаў.
Самым цікавым уяўляецца той факт, што беларускі дваранін Астроўскі стаў прататыпам галоўнага героя вядомага рамана “Дуброўскі”. Археограф Пушкіна П. Барценеў адзначаў, што “роман “Дубровский” внушен был Нащокиным. Он рассказал Пушкину про одного белорусского небогатого дворянина, по фамилии Островский (как и назывался сперва роман), который имел процесс с соседом за землю, был вытеснен из именья и, оставшись с одними крестьянами, стал грабить сначала подъячих, потом и других. Нащокин видел этого Островского в остроге”. 
Як адзначаюць іншыя дакументы, “граза краю” Павел Астроўскі паходзіў з вёскі Раванічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці), а яго радавы маёнтак Аржахневічы знаходзіўся ў Дзісенскім павеце Мінскай губерні. Ёсць усе падставы меркаваць, што факты і падрабязнасці жыцця “палымянага мяцежніка” Астроўскага перайшлі ў аснову сюжэта рамана А. С. Пушкіна з самога беларускага жыцця, толькі дзеянне аўтар перанёс у цэнтральную Расію, на берагі Волгі. Пад пушкінскім пяром бедны дваранін Павел Астроўскі вырас у рамантычнага героя-разбойніка Уладзіміра Дуброўскага, які сімвалізаваў пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці. Трэба аздначыць, што менавіта на пачатку 1830-х гг. на Беларусі адбывалася паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., адзначаліся сялянскія антыпрыгонніцкія хваляванні. Раман “Дуброўскі” быў напісаны якраз у гэты час — у 1832—1833 гг. 
 
Нашчадкі А. С. Пушкіна у Беларусі
На беларускай зямлі пакінулі свой след нашчадкі вялікага паэта. Вядома, што ў Аляксандра Пушкіна было 19 унукаў і ўнучак. Адна з іх, старэйшая дачка старэйшага сына паэта, Наталля Аляксандраўна Пушкіна (па мужу Варанцова-Вельямінава) доўгі час жыла ў Беларусі і скончыла тут свой зямны шлях. На Бабруйшчыне нарадзіліся два пакаленні “беларускай галіны” роду Пушкіных, якія кроўнымі повязямі звязалі паэта і нашу краіну. Як жа так адбылося?
Старэйшы сын паэта Аляксандр Аляксандравіч Пушкін прысвяціў сваё жыццё ваеннай справе, даслужыўшыся да чына генерала кавалерыі. Пэўы час яго часць размяшчалася ў Навагрудку. Тут А. А. Пушкін зазнаў бацькоўскае гора: у 1870 г. памёр яго пяцімесячны сын. Магіла немаўляці захавалася на старых гарадскіх могілках. 
Разам з бацькам у Навагрудку жыла і яго старэйшая дачка Наталля. Пазней яна звязала свой лёс з адным з лепшых афіцэраў палка свайго бацькі — Паўлам Аркадзевічам Варанцовым-Вельямінавым.
Калі Павел Аркадзевіч выйшаў у адстаўку, сям’я пераехала ў маёнтак яго маці Вавулічы непадалёк ад Бабруйска. Цяпер гэта вёска носіць назву Дубоўка. Акрамя маёнтка, Варанцовы-Вельямінавы мелі дом у самім горадзе. Так унучка Пушкіна апынулася ў Беларусі.
Сучаснікі адзначалі, што Наталля Аляксандраўна была разумнай і валявой жанчынай з незвычайным характарам, рознабакова адораным чалавекам: добра малявала, пісала вершы, вывучала мову і звычаі народа.
Жыхары навакольных вёсак Савічы і Цялуша казалі, што яна цікавілася мясцовымі паданнямі, любіла слухаць беларускія народныя песні.  Акрамя таго, яна дапамагала сялянам хлебам, лекамі, пазычала грошы. Разам з мужам садзейнічала будаўніцтву ў Цялушы школы, дапамагала некаторым сялянскім дзяўчынкам працягваць вучобу — стаць настаўніцамі, фельчаркамі. Наталля Аляксандраўна спрабавала арганізаваць прытулак для састарэлых жанчын і ўстанову кшталту дзіцячага садка для сялянскіх дзяцей, але не здолела давесці справу да завяршэння. 
Затое Варанцовы-Вельямінавы прынялі ўдзел у стварэнні Бабруйскай гарадской бібліятэкі, якая да сённяшняга дня носіць імя вялікага паэта. Бібліятэка адчыніла свае дзверы ў лютым 1901 г. А ўжо ў 1912 г. Наталля Аляксандраўна пайшла з жыцця, пакінуўшы мужа і пяць дзяцей.
Марыя, Соф’я, Вера, Міхаіл і Феадосій Варанцовы-Вельямінавы нарадзіліся ў Бабруйску і правялі дзяцінства ў гэтым ціхім правінцыяльным гарадку.
Далейшы лёс праўнукаў паэта склаўся па-рознаму. Феадосій і Вера пражылі нядоўгае жыццё і нашчадкаў пасля сябе не пакінулі. Феадосій Паўлавіч па стану здароўя быў вызвалены ад вайсковай службы,
аднак у 1914 г. пайшоў добраахвотнікам на фронт і загінуў ва Усходняй Прусіі. Вера Паўлаўна трагічна загінула, ледзь-ледзь дасягнуўшы 30-годдзя.
Міхаіл Паўлавіч Варанцоў-Вельямінаў да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. узначальваў уезную земскую ўправу ў Бабруйску, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі эмігрыраваў за мяжу: спачатку жыў у Германіі, а пазней пераехаў у Парыж. У час Другой сусветнай вайны быў удзельнікам Супраціўлення, а ў апошнія гады жыцця быў актыўным членам таварыства дружбы “Францыя—СССР”.
Найбольш цесна з Беларуссю былі звязаны лёсы Марыі і Соф’і Варанцовых-Вельямінавых.
Марыя Паўлаўна Варанцова-Вельямінава скончыла маскоўскі Аляксандраўскі жаночы інстытут з залатым медалём, выйшла замуж за юрыста Яўгена Іпалітавіча Кліменку, які займаў у Бабруйску пасаду суддзі, а з 1910 г. быў бабруйскім павятовым маршалкам. У сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей, выхаванню якіх бацькі надавалі пільную ўвагу. У гады Першай сусветнай вайны Марыя Паўлаўна з маленькімі дзецьмі выехала ў эвакуацыю ў Падмаскоўе. 
Асабліва цяжкім у матэрыяльным плане быў для сям’і пачатак 1920-х гг. — да таго, як Марыі Паўлаўне прызначылі персанальную пенсію як праўнучцы А. С. Пушкіна. Акрамя таго, Бабруйскі акружны выканаўчы камітэт задаволіў просьбы Марыі Паўлаўны Кліменка і яе сястры Соф’і Паўлаўны Калагрывавай аб прадастаўленні ім у пажыццёвае бясплатнае карыстанне кватэр, якія засталіся за імі ў 1922 г. пры муніцыпалізацыі іх дамоў. Але ў хуткім часе, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі, Марыя Паўлаўна і Яўген Іпалітавіч былі сасланы ў Курск, дзе абодва і загінулі ў 1932 г.
Шасцёра дзяцей Марыі Паўлаўны Кліменка пабачылі свет у Бабруйску, аднак далейшае жыццё раскідала прапраўнукаў паэта па розных кутках былога Савецкага Саюза. Старэйшая з іх, Наталля Яўгенаўна Кліменка, паехала ў госці да сваякоў у вёску Югалін пад Баранавічы (цяпер гэта тэрыторыя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці), і нечакана гэтыя землі былі акупіраваны польскімі войскамі, а па Рыжскім мірным дагаворы 1921 г. Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. У Югаліне Наталля Яўгенаўна пражыла да 1939 г., выйшла тут замуж за свайго дальняга сваяка, тут нарадзіліся двое яе дзяцей — Георгій і Вера. У 1940 г. муж Наталлі Кліменка загінуў у Мінску ў турме, а сама яна з дзецьмі была выслана ў Казахстан. Працавала бухгалтарам у адным з казахскіх саўгасаў, а яе сын Георгій адразу пасля заканчэння школы пайшоў на фронт, удзельнічаў у вызваленні Венгрыі і Аўстрыі, пасля дэмабілізацыі застаўся жыць у Іркуцку. Дачка Вера вучылася на геаграфічным факультэце Адэскага ўніверсітэта, пасля яго заканчэння выйшла замуж і паехала за мужам у Тбілісі.
Ірына і Вольга Кліменка пераехалі жыць у Архангельск.
Ірына Яўгенаўна Кліменка (па мужу Гібшман) доўгі час выкладала англійскую мову ў Архангельскім педінстытуце, загадвала там кафедрай.
Вольга Яўгенаўна (па мужу Усава) скончыла Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, у 1935 г. паехала да сястры ў госці і засталася ў Архангельску назаўсёды. 
Таццяна і Марына Кліменка ў канцы 1920-х гг. перабраліся з Бабруйска ў Маскву.
Таццяна працавала на Маскоўскім заводзе імя ленінскага камсамолу, а Марына была бухгалтарам у Дзяржаўным доме гуказапісу.
Адзіны сын Марыі Паўлаўны — Сяргей Яўгенавіч Кліменка — пасля смерці бацькоў у 1932 г. чатыры гады правёў у дзіцячым доме. Скончыў зенітна-артылерыйскае вучылішча, у час Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам прыборнага аддзялення зенітнай батарэі. Пасля вайны скончыў японскае аддзяленне Ваеннага інстытута замежных моў, працаваў ваенным перакладчыкам, радыёжурналістам у Маскве.
Няпроста склаўся лёс другой праўнучкі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна — Соф’і Паўлаўны Варанцовай-Вельямінавай.
Яна пражыла ў Беларусі даўжэй за іншых нашчадкаў паэта, правяла тут дзяцінства, юнацтва і маладосць. З дзіцячых гадоў яна марыла стаць доктарам, але з-за вайны з Японіяй набор у інстытут часова спынілі, і яна вымушана была пайсці на курсы медыцынскіх сясцёр пры Бабруйскай крэпасці. Соф’я Варанцова-Вельямінава ўвайшла ў склад першага на Беларусі аддзела Усерасійскай лігі барацьбы з сухотамі, які быў створаны ў Бабруйску ў 1911 г. У пачатку Першай сусветнай вайны яна працавала ў лазарэце Чырвонага Крыжа ў родным горадзе. Затым была прызначана ў адзін са шпіталёў на поўдні Расіі, пасля перавялася медыцынскай сястрой у санітарны цягнік, што перавозіў параненых з-пад Рыгі ў Петраград. У 1916 г. у Латвіі пазнаёмілася са сваім будучым мужам Усеваладам Аляксандравічам Калагрывавым.  
Лёс гэтага чалавека варты некалькіх асобных слоў. Усевалад Калагрываў паходзіў са слаўнага роду, прадстаўнікі якога доўгі час неслі грамадзянскую і воінскую службу на карысць дзяржавы. Усевалад Аляксандравіч быў прафесійным ваенным, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, выйшаў у 1915 г. у адстаўку па прычыне ранення. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, да якой паставіўся адмоўна, служыў у Калчака. Пасля паражэння белых войскаў эмігрыраваў у Англію, дзе адмовіўся ад выкладчыцкай кар’еры ў ваеннай акадэміі. Неўзабаве вярнуўся на радзіму і быў арыштаваны ў Архангельску, высланы ў Вятку, а ў другой палове 1920-х гг. жыў у Сярэдняй Азіі, дзе займаўся конегадоўляй. У 1934 г. зноў быў арыштаваны, але хутка апынуўся на волі. Вось толькі далей займацца конегадоўляй яму было забаронена, і Усевалад Калагрываў выкладаў нямецкую мову ў школе. Летам 1938 г. адбыўся новы арышт, і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны былога белага афіцэра расстралялі. Рэабілітаваны ён быў толькі ў 1959 г.
Усе гэтыя падзеі наклалі адбітак на жыццё сям’і Усевалада Калагрывава. Каля двух месяцаў яго жонка знаходзілася пад арыштам. У канцы 1930-х гг. Соф’я Паўлаўна вярнулася да свайго дзявочага прозвішча. А яшчэ раней яна разам з двума сынамі Аляксандрам і Алегам зведала горкую нястачу. У 1929 г. Соф’я Паўлаўна звярнулася ў народны камісарыят з просьбай уладкаваць яе дзяцей у дзіцячы дом. Летам наступнага года хлопчыкі былі прыняты ў дзіцячы дом у Мінску з “жалаваннем” 9 рублёў кожнаму.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандр Калагрываў заканчваў літаратурны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута. Ён удзельнічаў у абарончых баях пад Масквой, пад Валакаламскам быў паранены, вызваляў Смаленшчыну. Пад Вязьмай быў паранены ў другі раз. Пасля вайны працаваў журналістам, больш за дваццаць гадоў жыцця прысвяціў Усесаюзнаму радыё. Жыў у Маскве.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Алег Калагрываў вучыўся на трэцім курсе Маскоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, які ў той час быў эвакуіраваны ў Самарканд. Адтуль прапраўнук Пушкіна выправіўся на фронт. Алег быў кулямётчыкам, камсоргам батальёна. У 1942 г. быў паранены, удзельнічаў у вызваленні Прыбалтыкі і Польшчы, прайшоў Усходнюю Прусію, у складзе 2-га Беларускага фронта дайшоў да Берліна. Пасля вайны скончыў інстытут і прысвяціў сябе дызайнерскай працы.
Два пакаленні нашчадкаў А. С. Пушкіна нараджаліся на бабруйскай зямлі, потым ішлі адтуль у вялікі свет. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ёсць дакументы, якія распавядаюць пра яшчэ аднаго сваяка паэта — Льва Анатолевіча Пушкіна, які даводзіўся паэту траюрадным пляменнікам. Леў Анатолевіч Пушкін нарадзіўся ў 1870 г. і жыў у беларускім Рагачове. Як і многія з яго роду, быў прафесійным ваенным, у 1911 г. быў абраны маршалкам Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Вядома, што Леў Анатолевіч Пушкін займаўся грамадскай дзейнасцю, узначальваў Рагачоўскі павятовы камітэт па нагляду за дзецьмі асоб, што загінулі на вайне з Японіяй. 
 
Створаны супрацоўнікамі Пушкінскага інфармацыйнага цэнтра электронны рэсурс Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна “Пушкиниана” можа даць інфармацыю па многіх пытаннях жыцця і творчасці вялікага паэта, у тым ліку і пра лёс нашчадкаў Пушкіна на Беларусі. Рэсурс уваходзіць у склад электроннага каталога і даступны на сайце бібліятэкі. 
У 2005 г. на аснове артыкулаў з кніг і перыядычных выданняў, а таксама архіўных дакументаў быў падрыхтаваны зборнік “Потомки А. С. Пушкина в Беларуси”. У 2000 г. Пушкінскім інфармацыйным цэнтрам складзены зводны каталог “Дореволюционные издания А. С. Пушкина и литература о нем из фондов библиотек, музеев и архивов Беларуси”. Да 200-годдзя з дня нараджэння паэта сумесна з Нацыянальным навукова-асветным цэнтрам імя Францыска Скарыны пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь выдадзены грунтоўны зборнік “А. С. Пушкин и Беларусь”.
 
Літаратура:
1. Букчин, С. «Народ, издревле нам родной…» : (Александр Пушкин) / Семен Букчин // Букчин, С. Народ, издревле нам родной : русские писатели и Белоруссия. Очерки / Семен Букчин. — Минск, 2003. — С. 109—126.
2. Воробьева, Т. Потомок Пушкина / Т. Воробьева // Нёман. — 1975. — № 1. — С. 190—191.
3. Кулагін, А. Пушкін і Беларусь / Анатоль Кулагін // Роднае слова. — 1999. — № 5/6. — С. 156—165.
4. Лиокумович, Т. Внучка Пушкина / Т. Лиокумович // Нёман. — 1972. — № 1. — С. 179—181.
5. Лиокумович, Т. Б. Потомки А. С. Пушкина в Белоруссии / Тимофей Лиокумович. — Минск : Университетское, 1991. — 96 с. — (Университет — школе).
6. Симанович, Д. Подорожная Александр Пушкина / Давид Симанович // Симанович, Д. Подорожная Александра Пушкина : очерки / Давид Симанович. — Минск, 1977. — С. 7—29.
7. Селицкая, Л. Дубровский — шляхтич из-под Минска? / Людмила Селицкая // А. С. Пушкін і Беларусь = А. С. Пушкин и Беларусь / Ігар Сцяпунін. — Мінск, 1999. — С. 50—55.
8. Сцяпунін, І. Пушкінскі юбілей 1899 г. у Мінску / Ігар Сцяпунін // А. С. Пушкін і Беларусь = А. С. Пушкин и Беларусь / Ігар Сцяпунін. — Мінск, 1999. — С. 255—260.
9. Таранда, А. Правнуки Пушкина в Бобруйске: судьба беспризорных / А. Таранда // СБ. Беларусь сегодня. — 1997. — 20 дек.