|
Вы здесьГлавная / Краязнаўчая квэст-гульня “Мінск – найлепшы куточак зямлі”
31.10.2017 |
Дзень краязнаўства
Краязнаўчая квэст-гульня “Мінск – найлепшы куточак зямлі”
да 950-годдзя сталіцы Беларусі
|
|
Знаёмцеся: мы гараджане.
Наш горад расце ў добры час.
Завёмся мы проста – мінчане.
І Мінск найдарожшы для нас.
Н.Галіноўская
Незабыўным і цікавым выдаўся для наведвальнікаў школьнага лагера гімназіі №8 дзень краязнаўства ў бібліятэцы. Менавіта для іх адбылася краязнаўчая квэст-гульня па нашаму слаўнаму гораду Мінску.
Адразу дзеці здзейснілі віртуальнае падарожжа “Мінск – сталіца Беларусі”.
|
У час якога даведаліся, што гарады нібы людзі – у кожнага свой характар, свае рысы, свой твар, звычкі і, вядома, свая гісторыя. Сталіца Беларусі – Мінск, горад з багатай гісторыяй. Упершыню ён узгадваецца ў летапісе ў 1067 годзе. На працягу сваёй гісторыі горад не раз перажываў шматлікія войны і страшныя пажары. Мінск неаднаразова практычна знікаў з твару зямлі, але кожны раз, як фенікс, адраджаўся з руін і працягваў жыць.
Юныя наведвальнікі пачулі і легенду пра назву горада Мiнск, па якой у старадаўнія-старадаўнія часы на беразе ракі Свіслач пасяліўся волат-чараўнік. Звалі яго Менеск, або Менскі. Пабудаваў гэты чараўнік на рацэ вялізны млын. Людзі казалі, быццам Менеск на тым млыне не збожжа малоў, а каменне, нават валуны на муку пераціраў. Уначы ездзіў асілак Менеск на сваім млыне наўпрост лясоў і палёў, рэк і балот па навакольных паселішчах. Шукаў млынар-чараўнік сабе верных памочнікаў – дружыну збіраў з адважных, смелых і дужых людзей, каб бараніць родны край ад ворагаў-рабаўнікоў. З году ў год сяліліся тыя людзі каля млына Менескава, і з цягам часу паўстаў там прыгожы і вялікі горад-крэпасць. Сцены яго Менеск разам з паплечнікамі ўмацаваў мяхамі з каменнай мукой. Горад той людзі сталі называць імем волата-млынара – Менеск, ці Менск. Пазней назва горада ператварылася ў больш звыклую для нас – Мінск.
|
Вучні таксама даведаліся аб цікавых і прыгожых мясцінах Мінска, аб яго галоўных славутасцях: плошчы Перамогі, плошчы Незалежнасці, Касцёле святых Сымона і Алены, Траецкім прадмесці, Верхнім горадзе, праспекце Незалежнасці… Усяго не пералічыць.
Дзеці з цікавасцю адправіліся на пошукі таямнічай рэчы аб Мінску. Выконвалі заданні на станцыях: “Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь”, “Мінск гістарычны”, “Музейная станцыя”, “Мінск сучасны”. З захапленнем складалі пазл “Панарама Мінска з вышыні птушынага палёту”. Паказалі добрыя веды ў калейдаскоп-віктарыне “Сто асоб сталіцы”. Цяжкім было суперпытанне “Разгадай легенду”. Але і яго адолелі дзеці і па слядах на падлозе знайшлі скрынку з таямнічай рэччу. Гэта была кніга пра Мінск і вядома цукеркі!
Так праз гульню нашы юныя чытачы даведаліся шмат цікавага і новага пра наш любімы горад Мінск.
|
|
|
Падрыхтаваў аддзел абслугоўвання дзiцячага чытача.
|
|