|
Вы здесьГлавная / Кнiжная выстава “Гукі Белавежы”
22.01.2018 |
Аддзел краязнаўчай лiтаратуры:
кнiжная выстава “Гукі Белавежы”
|
Вітаем вас, шаноўнае спадарства!
А ці ведалі вы што-небудзь пра такое цікавае і, дарэчы, вельмі патрэбнае свята, як Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў? Адзначаецца яно штогод 11 студзеня, а пачатак бярэ з 1997 года. Ініцыятыва яго святкавання належыць расійскаму Цэнтру аховы дзікай прыроды і Сусветнага фонду дзікай прыроды.
Аддзел краязнаўчай літатаратуры вырашыў не абмінаць увагай такую знамянальную дату і з яе нагоды падрыхтаваў для вас тэматычную выставу “Гукі Белавежы”, прысвечаную гісторыі, таямніцам і прыродным адметнасцям Белавежскай пушчы — аднаго з самых запаведных лясных масіваў Еўропы, што знаходзіцца на мяжы Беларусі і Польшчы.
Вашай увазе прапанаваны такія цікавыя выданні-фотаальбомы, як “Белавежская пушча ” (аўтар — фотажурналіст Мікалай Аляксеевіч Шарай),
|
|
|
“Беловежское диво” (складальнікі і аўтары тэксту — эколаг, кандыдат біялагічных навук Ігар Іванавіч Бышнеў і навуковы супрацоўнік нацыянальнага парка “Белавежская пушча” Мікалай Данілавіч Чаркас; кніга прадстаўлена на дзвюх мовах — рускай і англійскай). А таксама “7 чудес Беловежской пущи” (аўтар-складальнік — Таццяна Іванаўна Жукоўская; выданне таксама двухмоўнае (руская і англійская), арыентавана пераважна на дзяцей школьнага ўзросту, але зможа зацікавіць і дарослага аматара чыстай красы роднага краю).
На што яшчэ раім звярнуць увагу? Чытачы, неабыякавыя да прыроды і лёсу сваёй Бацькаўшчыны, пэўна, зацікавяцца двума невялічкімі па аб’ёме кнігамі, напісанымі патомным лесаводам Хведарам Канстанцінавічам Саевічам , які болей за палову веку аддаў служэнню Белавежы. У выданні “Беловежская пуща: век ХХ” аўтар распавядае пра саму пушчу, яе насельнікаў, а таксама пра жыццё людзей гэтага дзівоснага куточка.
|
Наступная кніга — “Поколение 30-х. Становление жизненного пути” — аўтабіяграфічны расповед Хведара Канстанцінавіча пра ўласны лёс, сваіх сяброў і ўвогуле пра фарміраванне жыццёвых арыенціраў пакалення 30-х гадоў. Своеасаблівым працягам вышэй апісанай манаграфіі можна лічыць выданне “Беловежская пуща: 1902 — 2002” пад аўтарствам навукоўца, пісьменніка, даследчыка і цудоўнага знаўцы Белавежскй пушчы Вячаслава Васільевіча Семакова. Яго ж пяру належыць і кніга “Были и легенды Беловежской пущи”, у якой, акрамя дакладных гістарычных фактаў, вы зможаце знайсці займальныя гісторыі, звязаныя са старажытным і сусветна вядомым лесам.
Мы спадзяёмся, што, завітаўшы ў краязнаўчы аддзел і пагартаўшы прапанаваныя намі кнігі, вы не застанецеся расчараваныя і назапасіцеся добрымі ўражаннямі, цудоўным настроем і, канешне ж, глыбокімі ведамі пра адно з найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых месцаў нашай бацькаўшчыны. Чакаем вас!
Таццяна Курмазiя,
бiблiятэкар аддзела краязнаўчай лiтаратуры
|
|
|
|