Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

главная

другие события

       

страница отдела

 

22.02.2018

Аддзел краязнаўчай лiтаратуры:

экспрэс-апытанка “Размаўляй са мной па-беларуску”

ў Міжнародны дзень роднай мовы

Дзень добры, паважанае спадарства!

Як мы ўсе ведаем (а хто дагэтуль не ведаў – хуценька запамінайце), кожны год 21 лютага Беларусь у шэрагу іншых краін адзначае надзвычай важнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы! Гучыць вельмі прыгожа і патрыятычна, праўда? Пагадзіцеся, што для нашай Бацькаўшчыны гэты дзень мае асаблівае значэнне, бо на дадзены момант большая частка карэннага насельніцтва, на жаль, не карыстаецца (ці робіць гэта даволі рэдка) беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Прычын таму шмат, і засяроджваць увагу на іх мы зараз не будзем, а трошкі пагаворым аб тым, як аддзел краязнаўчай літаратуры паспрабаваў абудзіць цікавасць жыхароў Мінска да свята, а разам з тым праверыць іх веданне роднай мовы на практыцы.

Але спачатку давайце правядзём невялічкі экскурс у мінулае і ўспомнім, з чаго ўсё пачыналася. Адмысловая дата была абвешчана на 30-й сесіі 

ЮНЕСКА па прапанове Бангладэша ў 1999 годзе. Чаму менавіта 21 лютага? Зразумела, што дата была выбрана невыпадкова. На жаль, у падзеі, якая паспрыяла такому рашэнню, няма нічога святочнага. Менавіта ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць пакістанскіх студэнтаў на дэманстрацыі ў абарону бенгальскай мовы. Яны змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Усё гэта, канешне, вельмі сумна, але на дадзены момант свята роднай мовы, на шчасце, з’яўляецца нагодай толькі для пазітыўных эмоцый і атрымання новых ведаў. Што мы і паспрабавалі данесці да мінчан і гасцей сталіцы.

21 лютага 2018 г. супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, так мовіць, “выйшлі ў народ” з экспрэс-апытанкай “Размаўляй са мной па-беларуску” і прапанавалі мінакам перакласці словы з адной дзяржаўнай мовы на другую. Большасць сустрэчных людзей праяўлялі цікавасць да прапановы і з задавальненнем паказвалі свае веды. Сярод апытаных сустрэлася нават грамадзянка суседняй краіны, якая, дарэчы, паспяхова справілася з задачай і даказала, што наша мова з цягам часу не толькі не страчвае папулярнасць, але і набывае яе за межамі Беларусі.

Усе ўдзельнікі святочнага дзейства атрымалі зарад пазітыву на доўгі час і лішні раз пераканаліся ў мілагучнасці і прыгажосці беларускага слова.

Тэкст: аддзел краязнаўчай літаратуры

Фотаматэрыял: Анэлiя Лапкоўская,

загадчык аддзела кнiгасховiшча

ПРАПАНУЕМ ДА ПРАЧЫТАННЯ

1\856869ба

Воўк-Левановіч, О. В.

Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. – Мн. : Нар. асвета, 1994. – 205 с. – (Беларус. мова: гісторыя і сучаснасць).

Доступ да гэтай кнігі доўгі час быў вельмі абмежаваны – выдатны беларускі мовазнаўца О. В. Воўк-Левановіч у 30-я гады быў рэпрэсіраваны, а лічаныя экзэмпляры яго кнігі з’яўляюцца сёння бібліяграфічнай рэдкасцю.

Дадзенае – другое – выданне перадрукавана з мікрафільма, які захоўваецца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

1\986883ба

Літвіноўская, А.

Мова Нанова : 20 крокаў да беларускай мовы / Алеся Літвіноўская, Глеб Лабадзенка. – Мінск : Медыял, 2016. – 168 с. + 24 іл.

Выданне “Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы” падрыхтаванае выкладчыкамі курсаў “Мова Нанова” Алесяй Літвіноўскай і Глебам Лабадзенкам. Аснову склалі матэрыял з заняткаў, “апрабаваныя” ў 10 гарадах Беларусі. У кнізе робіцца ўхіл у практычнае выкарыстанне беларускай мовы, таму большасць слоўнікавых словаў мае прыклады ўжывання. Апроч таго, кожныя заняткі маюць граматычны дадатак і заданні для самаправеркі. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

1\128418ба

Нарысы па гісторыі беларускай мовы : дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў / Акадэмія навук Беларускай ССР ; Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. – Мн. : Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1957. – 450 с.

1\934676ба

Шкраба, І. Р.

Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі / І. Р. Шкраба. – Мінск : Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – 320 с.

Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі ў рускамоўным дачыненні – спроба ўвесці ў навуковы зварот пэўную колькасць (каля 2000) лексічных адзінак, якія не маюць у рускай мове аднаслоўнага адпаведніка і перадаюцца апісальным спосабам. Прызначаны для ўсіх, хто працуе са словам, – навукоўцаў, выкладчыкаў, рэдактарам, журналістаў, перакладчыкаў.