|
Вы здесьГлавная / Літаратурны агляд "Хатынь. Памяць спаленых вёсак"
15.05.2018 |
Аддзел краязнаўчай лiтаратуры:
Хатынь. Памяць спаленых вёсак
|
|
22 сакавіка 1943 года на Лагойскай зямлі адбылася падзея, жахлівасць якой і ў наш час уражвае нават самых стрыманых і спакойных людзей. Невялікая беларуская вёска Хатынь загінула разам са сваімі жыхарамі ў фашыстскім агні, стаўшы своеасаблівым сімвалам пакутніцтва і мужнасці для нашчадкаў.
На дадзены момант, на жаль, засталося вельмі мала тых, хто можа падзяліцца асабістымі ўспамінамі пра той крывавы час і на ўласным прыкладзе растлумачыць маладому пакаленню, дызарыентаванаму тэлевізійным рамантызмам, што такое сапраўдная вайна, і якія разбуральныя наступствы яна цягне за сабой. Аднак, нягледзячы на тое, што жывых сведкаў з кожных годам становіцца ўсё менш, мы маем даволі вялікую факталагічную базу, якая крапатліва і скрупулёзна была сабрана ў свой час неабыякавымі да трагедыі людзьмі. Так і ніяк інакш, можна назваць тую знішчальную стыхію, што пранеслася па нашай зямлі ў перыяд з 1941-га па 1945-ы гады.
|
Аднак зараз гаворка вядзецца ў больш вузкім кантэксце – мы маем на ўвазе менавіта трагічны лёс Хатыні і ўсіх тых яе “сясцёр”, назвы якіх паступова сціраюцца з памяці людзей XXI стагоддзя. А гэтага дапусціць нельга ні ў якім разе. Кожны сантыметр спаленай фашыстамі зямлі крычыць нам, народжаным у час аднаўлення і спакою, знаёмым з неверагодным народным Болем толькі завочна, каб мы памяталі і перадавалі гэтую Памяць сваім дзецям, а тыя – новым пакаленням. І так да сканчэння вякоў. Як жа захаваць яе, спытаецеся вы, калі на месцы былых папялішчаў зараз спяваюць птушкі і шапацяць лістотай новыя дрэвы? Як адчуць той незмаўкальны стогн за шумам аўтамабіляў і грукатам цягнікоў? Адказ вельмі просты: шукайце яго адгалоскі ў кнігах. Пераважна дакументальных. Беларуская зямля пакутуе 75 год ад незагойнай сваёй раны, і наш абавязак – не закінуць у нябыт звесткі аб тых, хто жыў і працаваў на ёй, а потым так несвоечасова і жорстка быў вымушаны ў яе ж і сысці. |
Аддзел краязнаўчай літаратуры ганарыцца тым, што мае магчымасць дапамагчы ўсім і кожнаму, хто жадае паглыбіць свае веды пра мясціны, знішчаныя вайной, і прыадчыніць заслону таямніцы жыцця і гібелі яе ахвяр. Мы прапануем вашай увазе выданні, прысвечаныя Хатынскай трагедыі і напісаныя на аснове сведчанняў відавочцаў ці архіўных дакументаў і матэрыялаў, у дасканаласці якіх не даводзіцца сумнявацца. Мы вырашылі правесці для вас невялічкі экскурс па некаторым з іх.
У кнізе Алены Кобец-Філімонавай “Распятая Хатынь” распавядаецца пра тое, як пісьменніца рыхтавала дакументальную базу для дзіцячай ваеннай аповесці “Жаўрукі над Хатынню”. Прачытаўшы гэтае выданне-эсэ, вы зможаце не толькі азнаёміцца з гісторыяй гібелі Хатыні і вёсак, што падзялілі яе трагічны лёс, зазірнуць у мірнае, даваеннае жыццё гэтых населеных пунктаў, але і акунуцца ў працэс напісання літаратурнага твора. Ад першай асобы даведаццца пра ўсе тыя цяжкасці і перашкоды, з якімі аўтару давялося сутыкнуцца падчас пошуку факталагічнага матэрыялу. Трэба адзначыць, што кніга змяшчае ў сабе дакументы, значная колькасць якіх была надрукавана ўпершыню.
Нельга не звярнуць увагу на такое значнае і вядомае ў шырокіх чытацкіх колах дакументальнае выданне як “Я з вогненнай вёскі…”, што ўяўляе сабой зборнік сведчанняў уцалелых жыхароў са шматлікіх спаленых фашыстскімі карнікамі населеных пунктаў. Сабралі і апрацавалі інфармацыю пісьменнікі Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік і Янка Брыль. У прадмове да кнігі складальнікі характарызуюць яе наступнымі словамі: “Я з вогненнай вёскі…” – дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія –
|
|
жывуць”. Пісьменнікі ўмоўна абагульняюць гэтыя шматлікія беларускія папялішчы ёмістай і звыклай для кожнага назвай – “Хатыні”. І ў гэтым няма нічога дзіўнага і непрымальнага, бо менавіта Хатынь стала так званай адпраўной кропкай для вывучэння праблемы масавага генацыду савецкага мірнага насельніцтва. |
Ёсць таксама ў фондзе нашага аддзела выданне, якое наглядна паказвае чытачам, што зараз уяўляе сабой месца катавання. У кнізе-альбоме сабраны фотаздымкі мемарыяльнага комплексу “Хатынь” з розных ракурсаў, зробленыя ў наш час. Выданне мае аднайменную назву. Аўтар тэксту і ўкладальнік – Н. В. Кірылава. Дарэчы, сам тэкст прадстаўлены на чатырох мовах – беларускай, рускай, англійскай і нямецкай. Кніга зацікавіць не толькі нашых суайчыннікаў, але і гасцей краіны, неабыякавых да ваеннай гісторыі.
Асобнай увагі заслугоўвае трылогія, выдадзеная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь у серыі “Архіў. Гісторыя. Памяць”. Дадзеныя кнігі з’яўляюцца зборам дакументаў і матэрыялаў, што маюць дачыненне да Хатыні. Мова напісання – руская.
Першая кніга з серыі пабачыла свет у 2014 годзе. Яна называецца “Хатынскі некропаль” і распавядае пра будаванне Хатынскіх мемарыяльных могілак і саму трагедыю 1943 года. Збор складаецца з двух раздзелаў, мае ілюстрацыйны блок з фотаздымкамі мемарыяла, помнікаў, усталяваных на месцах спаленых вёсак і інш.
|
|
Другая частка пад назвай “Хатынскія дрэвы жыцця” выдадзена ў 2015 годзе, у ёй вядзецца гаворка пра 433 беларускія вёскі, знішчаныя нацыстамі разам з жыхарамі і адноўленыя пасля вайны. Тут друкуюцца архіўныя дакументы, успаміны выратаваных жыхароў і сведкаў тых падзей. Выданне праілюстравана фотаздымкамі, матэрыяламі і копіямі дакументаў.
Што тычыцца трэццяй кнігі “Хатынская сцяна памяці”, то яна пабачыла свет у 2016 годзе. Распавядае пра 66 месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў і ваеннапалонных, увекавечаных на Сцяне памяці ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Дадзеная частка таксама праілюстравана здымкамі помнікаў, усталяваных на месцы трагедыі.
Трылогія адрасавана навуковым супрацоўнікам, краязнаўцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
|
Калі ўжо мы пачалі гаворку пра дакументальную літаратуру, то да месца будзе ўзгадаць кнігу журналісткі Таццяны Падаляк “Нашчадкі вогненных вёсак”, якая была створана па матэрыялах аднайменнай акцыі рэдакцыі газеты “Звязда” і Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, адзначанай Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Журналістыка”. Выданне ўключае ў сябе эксклюзіўныя дакументы, нарысы, эсэ, успаміны апошніх сведкаў вайны, якім пашчасціла застацца жывымі ў спаленых разам з людзьмі беларускіх вёсках. |
Апошняя ў спісе – аўтабіяграфічная аповесць “Хатынь” лаўрэата Ленінскай прэміі, акадэміка архітэктуры Леаніда Левіна, аўтара мемарыяльнага ансамбля “Хатынь”. У гэтай кнізе архітэктар змясціў сведчанні пра тое, як ствараўся комплекс, якую ролю ў тым адыграў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, як месца трагедыі, болю станавілася шырока вядомым і інш. Выданне аздоблена фотаздымкамі (у тым ліку з сямейнага архіву Л. Левіна), што адлюстроўваюць розныя моманты жыцця і творчасці аўтара.
Спадзяёмся, што вас, паважаныя чытачы, зацікавіў прапанаваны агляд і мы хутка пабачымся ў зале краязнаўчай літаратуры, дзе з вялікім задавальненнем арганізуем вам асабістую сустрэчу з пералічанымі выданнямі.
І хай ніколі не згасае народная Памяць аб ахвярах фашызму. Хай гучаць іх галасы ў нашых сэрцах, не дазваляючы ні на хвіліну забыцца на тое, што давялося перажыць гэтым мужным людзям дзеля таго, каб нашчадкі маглі жыць вольна і шчасліва.
|
Таццяна Курмазiя,
бiблiятэкар аддзела краязнаўчай лiтаратуры
|
|