|
Граф Чапский
|
19 лістапада Мінскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна наведалі апантаныя сваёй справай людзі. Гэта навуковы кіраўнік Станькаўскага палацава-паркавага ансамбля, галоўны архітэктар Беларускай Праваслаўнай Царквы, стваральнік і грамадскі куратар Станькаўскага краязнаўчага музея, член Народнага гісторыка-краязнаўчага аматарскага аб'яднання «Прылуцкая спадчына» Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Алег Ігаравіч Масліеў і гісторык, краязнаўца, член Народнага аб'яднання «Прылуцкая спадчына» Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Ігар Валер'евіч Гатальскі.
Яны правялі дзве займальныя лекцыі, прысвечаныя 190-годдзю з дня нараджэння Эмерыка Захарыя Мікалая Севярына фон Гутэн-Чапскага, ураджэнца мястэчка Станькоў Стаўбцоўскага павета Мінскай губерні (зараз вёска Станькава Дзяржынскага раёна). |
|
|
Графскі род Гутэн-Чапскіх герба Леліва вядзе сваё паходжанне ад старажытнага дваранскага роду з Прусіі і быў вядомы па ўсёй Еўропе. Гутэн-Чапскія валодалі сядзібамі на тэрыторыі Германіі, Аўстрыі, Венгрыі, Прусіі, Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Ліхтэнштэйна і інш. Таксама яны былі ў сваяцтве з многімі шляхетныміі нават каралеўскімі родамі. Пра ўсё гэта Марыя Чапская, унучка ўладальніка Станькава Эмерыка Чапскага, напісала ў сваёй кнізе ўспамінаў «Европа в семье», якая пабачыла свет у 1970 годзе ў Парыжы.
На беларускіх землях Чапскія з’явіліся прыкладна ў пачатку XVI ст., а на тэрыторыі Міншчыны — у XVIII ст.
Так званы Станькаўскі ключ, у склад якога ўваходзілі буйныя сядзібы Станькоў, Прылукі, Прусінава, Засулле і інш., а таксама вялікая колькасць фальваркаў, быў адзінай тэрыторыяй, памерам прыкладна 100 на 60 кіламетраў, якая ў 19 стагоддзі належала аднаму чалавеку, самаму буйному землеўладальніку з усіх Гутэн-Чапскіх — Эмерыку фон Гутэн-Чапскаму. |
|
|
На адной толькі тэрыторыі мястэчка Станькава размяшчаліся каменны палац, кухонны флігель, палацавы павільён «Скарбніца», жылыя і гаспадарчыя пабудовы, аранжарэя, цяпліцы з фруктовымі гадавальнікамі, звярынец, чатыры ўязныя брамы, касцёл-пахавальня 1835 года і праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква 1858 года пабудовы. У маёнтку меўся свой племянны завод, у якім разводзіліся каровы, авечкі, коні, сабакі, цагляны завод, а таксама завод па перапрацоўцы чыстага спірту. |
|
|
Граф Эмерык Чапскі быў вельмі рознабаковай асобай дзяржаўны і палітычны дзеяч, вучоны, калекцыянер, нумізмат, бібліяфіл. У сваім палацы ў Станькава граф заснаваў найбуйнейшы Еўрапейскі прыватны музей, у якім збіраў манеты, медалі, рыцарскія і конныя даспехі, зброю, сцягі, карты, партрэты, посуд, прадметы народнага побыту, слуцкія паясы, мэблю, рукапісы, старажытныя кнігі, іконы, творы жывапісу, скульптуры і іншае. У калекцыі графа знаходзілася больш за 30 тысяч рэдкіх манет, больш за 11 тысяч ордэнаў і медалёў, звыш 20 тысяч тамоў кніг. Зараз частка яго калекцыі стварае філіял Нацыянальнага музея ў Кракаве. Між іншым, уся нумізматычная калекцыя Чапскага захавалася да нашых дзён амаль у нязменным стане.
Не менш знакамітымі і ўплывовыміасобамі былі блізкія і нашчадкі графа Эмерыка жонка Эльжбета фон Гутэн-Чапская (Меендорф), яго сыны Ежы Эмерыкавіч Чапскі і Караль Ян Аляксандр Чапскі, пляменнікі Юзаф і Марыя Чапскія і інш. |
|
|
Пра гэта і многае іншае даведаліся госці нашага мерапрыемства, сярод якіх былі не толькі пастаянныя чытачы бібліятэкі, але і запрошаныя студэнты першага курса ФКіСКД «Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў» і наведвальнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна г. Мінска».
У канцы мерапрыемства адбыўся прагляд фільма «Граф Чапский». Драма реформатора з серыі «Обратный отсчёт» пра кіраўніка горада Мінска, гарадскога галаву з 1890 па 1901 гады — Караля Яна Чапскага, падрыхтаванага і знятага тэлеканалам АНТ у 2011 годзе. |
Автор: administrator
|