Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

Творчы вечар Уладзіміра Мароза «Тры сшыткі»
18 снежня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна прайшло сапраўднае свята, якое сабрала разам прыхільнікаў творчасці незвычайнага чалавека, пісьменніка і кінарэжысёра Уладзіміра Вікенцьевіча Мароза і яго сяброў.

Больш трыццаці пяці гадоў творчае жыццё Уладзіміра Вікенцьевіча звязана з беларускім дакументальным кіно. Па сцэнарыях Уладзіміра Мароза знята звыш 80-ці дакуметальных стужак, звернутых да гісторыі і культуры Беларусі. Яшчэ шэсць фільмаў ён зняў як кінарэжысёр. Шэраг карцін адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў. Адзначыўся Уладзімір Вікенцьевіч і на літаратурнай ніве.
У рамках вечара таксама адбылася прэзентацыя трохтомніка «Выбранае», які выйшаў сёлета ў выдавецтве «Галіяфы».
Першы том «Выбранага» складае паэзія, адметная старонка творчасці пісьменніка. Ва ўсіх дзевяці кнігах, у якіх прадстаўлены вершы, творца з сялянскай зацятасцю, дбайна ўзрабляе свой абшар, які для яго ёсць непадзельна Беларусь, радзінны хутар, каханне і сям'я, шлях да храма. Паэт ідзе горнымі і дольнімі шляхамі Святой Зямлі і сваёй роднай Беларусі, прамаўляе да чытача з адметнай ліра-эпічнай інтанацыяй, гранічна шчыра, філасофскі заглыблена.
Другі том «Выбранага» складаюць празаічныя тэксты. Вызначаны жанр «аповеды жыцця» невыпадковы - апавяданні пабудаваныя на рэальных жыццёвых сітуацыях, сустрэчах і падзеях, якімі багата прыватнае, літаратурнае і кінематаграфічнае жыццё аўтара.
Трэці том «Выбранага» складаюць эсэістычныя тэксты. Цэнтральнае месца займае эсэ «Беларускі шлях. Звенчакі айчыннай гісторыі», дзе ў кароткіх аповедах аб гістарычным шляху Беларусі як суб'екта гісторыі за адлік узяты натуральны крутабег часу - стагоддзі.
Увазе прысутных былі прадстаўлены творчыя працы мастачкі Марыны Уладзіміраўны Мароз па творах Уладзіміра Мароза.
Шмат цёплых слоў, віншаванняў, шчырыя пажаданні натхнення і плённай творчасці гучалі з вуснаў выступоўцаў у гэты вечар у адрас Уладзіміра Вікенцьевіча.
На памяць пра сустрэчу пісьменнік падарыў бібліятэцы трохтомнік з подпісам, які зойме сваё пачэснае месца ў калекцыі кніг з аўтографамі.
Дзякуй усім прысутным за ўдзел!