Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

Творчая сустрэча з пісьменніцай Зараславай Камінскай
Што трэба кожнаму даросламу чалавеку
перад Калядамі і Новым Годам?


Відавочна, гэта магічныя і казачныя гісторыі, якія можна слухаць у прыцемках, ухутаўшыся ў мяккую і ўтульную коўдру па самы нос. Кароценькія апавяданні, праз радкі якіх прабіваюцца асабістыя ўспаміны, і пад канец вы пачынаеце атаясамліваць сябе з галоўнымі героямі.

З такіх жыццёвых замалёвак складаецца зборнік апавяданняў “Калядны стол. Некулінарная кніга” Зараславы Камінскай, прэзентацыя якога адбылася 16 снежня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.
На прэзентацыі аўтарка падзялілася сваімі пачуццямі і ўражаннямі ад працы над кнігай. Разам з сяброўкамі, рэдактаркай кнігі Вікторыяй Здзярскай і актрысай тэатра імя М. Горкага Вольгай Здзярскай, яна пранікнёна зачытвала найбольш улюбёныя апавяданні, не пакідаючы раўнадушнымі нават самых закасцянелых гасцей імпрэзы.
Адчуць смак кнігі… І сапраўды, на гэтым вечары мы ўсе адчулі яе смак, частуючыся смачным і каларытным печывам з гарбатай, у якое пісьменніца ўклала часцінку сваёй душы.

“Калядны стол. Некулінарная кніга” вяртае нас у светлыя моманты бесклапотнага дзяцінства, напоўненага смакам бабуліных варэннікаў, водарам навагодніх мандарынаў і моцнымі бацькавымі рукамі, якія зловяць вас пры неасцярожных рухах на першым лёдзе.
Як праз карункавыя малюнкі на вокнах праходзіць і зіхаціць сонечнае святло, так і вечар панядзелка разам з Зараславай Камінскай напоўніў пачатак працоўнага тыдня яркім і па-зімоваму святочным настроем.

Кніга, бясспрэчна, з’яўляецца адным з лепшых падарункаў на навагоднія святы сваім родным і блізкім. Калі вы хацелі, але не змаглі прысутнічаць на сустрэчы, раім набыць кнігу і атрымаць сапраўдную асалоду ад прачытанага.