Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

Вехі гістарычнага шляху Міншчыны

Вехі гістарычнага шляху Міншчыны

Мінская вобласць, самая вялікая ў Рэспубліцы Беларусь, размешчана ў цэнтры краіны, мяжуе з пяццю іншымі абласцямі, займаючы тэрыторыю ў 40,2 тыс. кв. км. Жыве тут каля 1,5 мільёна чалавек (без уліку Мінска). На Міншчыне 20 гарадоў, 23 гарадскія пасёлкі, каля 5250 населеных пунктаў. Найбуйнейшыя гарады вобласці: Мінск, Барысаў, Вілейка, Дзяржынск, Жодзіна, Маладзечна, Салігорск, Слуцк. Сталічная вобласць — гэта сапраўды сэрца Беларусі, таму што да яе, як артэрыі, сыходзяцца шляхі-дарогі з усіх канцоў рэспублікі. Яна задае тон жыцця ўсёй краіне. Тут адчуваецца рытмічнае біццё пульса палітычнага жыцця дзяржавы. Тут нараджаюцца буйныя культурныя ініцыятывы. Нарэшце, на Міншчыне засяроджаны самы магутны навуковы і прамысловы патэнцыял Беларусі.
Утворана вобласць 15 студзеня 1938 года, а змяненне яе адміністратыўных межаў працягвалася амаль 30 гадоў — да 1966 года. Большасць раёнаў вобласці была ўтворана Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам (ЦВК) БССР 17 ліпеня 1924 года: новае адміністратыўнае дзяленне ліквідавала губерні, паветы, воласці і ўвяло замест іх адпаведныя акругі, раёны, сельсаветы. Тэрыторыя Заходняй Беларусі, далучаная да БССР у выніку вераснёўскіх падзей 1939, была канчаткова падзелена на раёны да 1940 года.
Зараз у Мінскай вобласці 22 раёны: Бярэзінскі Барысаўскі, Вілейскі, Валожынскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Мінскі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Слуцкі, Смалявіцкі, Салігорскі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі.
Засяленне тэрыторыі сучаснай Мінскай вобласці пачалося ў перыяд мезаліту — больш за дзесяць тысяч гадоў таму. Ужо ў другой палове I тысячагоддзя н. э. тут жылі ўсходнеславянскія плямёны крывічоў і дрыгавічоў. 3 X стагоддзя паўночная і цэнтральная часткі Міншчыны ўваходзілі ў склад Полацкага, а паўднёвая — Тураўскага княстваў. Да гэтага перыяду адносіцца ўзнікненне с самых старых гарадоў Міншчыны: Заслаўе (Ізяслаўль, 985), Мінск (Менеск, 1067), Лагойск (Лагожаск, 1078), Барысаў (1102), Слуцк (Случаск, 1116), Клецк (Клечаск, 1127), Капыль (1274).
Ёсць дастаткова падстаў меркаваць, што першапачаткова Мінск размяшчаўся на рацэ Менцы, правым прытоку Пцічы, дзе цяпер знаходзіцца гарадзішча (ля вёскі Гарадзішча) і вялікае селішча вакол яго. Ад Менкі і пайшла назва Менеск. Але ў канцы XI стагоддзя горад быў перанесены на цяперашня месца і звязана гэта было, па ўсёй верагоднасці, з разбуральнымі войнамі. Пасля паходу полацкага князя Усяслава Брачыславіча на Пскоў і Ноўгарад Вялікі войскі паўднёварускіх князёў Яраславічаў захапілі Менеск і сустрэліся з сіламі Усяслава 3 сакавіка 1067 года на рацэ Нямізе. Аб гэтай бітве ўзгадвае аўтар “Слова аб палку Ігаравым”: “На Нямізе снапы сцелюць з галоў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела”.
На пачатку XII стагоддзя Мінск становіцца цэнтрам удзельнага княства Полацкай зямлі, а Ізяслаўль прыкладна ў той жа час — цэнтрам Ізяслаўскага княства. Пазней першы князь Менскага княства Глеб Усяславіч аб'яднаў вакол Менска гарады Оршу, Друцк, Копысь. Аднак пасля нападзення Глеба Усяславіча на Слуцк (1116) супраць яго выступіў кіеўскі князь Уладзімір Манамах. У 1119 годзе Мінск быў далучаны да кіеўскіх уладанняў. А праз 20 гадоў зноў стаў цэнтрам удзельнага княства і адным з найбуйнейшых гарадоў Полацкай зямлі.
У XIII стагоддзі паўночна-заходнія землі былой Кіеўскай зямлі ўваходзяць у склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) са сталіцай спачатку ў Навагрудку, а затым (з 1323 года) — у Вільні. Да канца XIV стагоддзя аўтаномія былых удзельных княстваў была ліквідавана — яе змяніла ўлада вялікакняскіх намеснікаў.
Пашырэнне і ўмацаванне ўнутраных эканамічных сувязей, стварэнне агульнадзяржаўнага заканадаўства (Судзебнік 1468 года, Статуты ВКЛ 1529,1566,1588 гадоў) садзейнічалі кансалідацыі рускіх земляў у складзе ВКЛ. Згодна з адміністратыўна-тэрытарыяльнай рэформай 1564-1566 гадоў землі цяперашняй Мінскай вобласці ўвайшлі: у Мінскі павет Мінскага ваяводства (Барысаў, Беразіно, Койданаў, Лагойск, Маладзечна, Пухавічы, Смалявічы, Ігумен, Узда); у Навагрудскі павет Навагрудскага ваяводства (Капыль, Клецк, Любань, Нясвіж, Старобін, Слуцк, Старыя Дарогі); у Ашмянскі павет Віленскага ваяводства (Вілейка, Валожын, Мядзель) і ў Аршанскі павет Віцебска ваяводства (Крупкі, частка цяперашніх Барысаўскага і Бярэзінскага раёнаў).
Мінскае ваяводства было самым буйным на Беларусі. У ліку мінскіх ваявод у розны час былі Сапегі, Радзівілы, Пацы, Тышкевічы, Агінскія, Масальскія і прадстаўнікі іншых знакамітых родаў.
У ХІV—ХV стагоддзях тут раслі гарады і павялічвалася насельніцтва ў іх. Гэта былі рамеснікі, гандляры, дробныя і сярэднія купцы, земляробы... Ужо ў 40-х гадах XV стагоддзя Мінск і Слуцк лічыліся сярод найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Стаўшы рамесна-гандлёвымі цэнтрамі, гарады імкнуліся стварыць сваю сістэму суда і кіравання. Самакіраванне па магдэбургскаму праву на Міншчыне атрымалі Слуцк (1441), Мінск (1499), Радашковічы (1569), Нясвіж (1586), Капыль (1652). Аднак па-ранейшаму пераважалі прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі, якія заставаліся апорнымі пунктамі валоданняў буйных феадаў і магнатаў, такіх як Чартарыйскія і Тышкевічы (ім належаў Лагойск), Алелькавічы (Слуцк і Капыль), Гаштольды (Мядзель, Валожын, Койданаў), Сангушкі (Крупкі, Ракаў). Найбуйнейшым магнатам ВКЛ Радзівілам у розны час належалі Слуцк, Капыль, Клецк, Койданаў, Смалявічы, Нясвіж, Мядзель і інш.
Адстойваючы свае правы на вытворчасць і продаж тавараў, рамеснікі аб’ядноўваліся ў цэхі, якія мелі свае статуты і з'яўляліся грамадскімі арганізацыямі (карпарацыямі) майстроў. Такія цэхі маглі аб'ядноўваць дзясяткі майстроў, і ў некаторых гарадах (напрыклад, у Мінску і Слуцку) налічвалася каля 20 цэхаў, а часам і болып. Мінскія купцы вывозілі ў суседнія дзяржавы лесаматэрыялы, смалу, воск, вырабы з жалеза, шкла, скуры, футра.
Важнае значэнне мела аграрная рэформа, праведзеная ў другой палове XVI стагоддзя, якая мела на мэце арганізацыю фальварачнага гаспадарання, павелічэнне сялянскіх падаткаў і рост даходаў дзяржаўнай казны.
Паралельна з развіццём і ўдасканаленнем эканомікі дзяржавы ішоў працэс і актыўнага фарміравання беларускай народнасці, складаліся яе асноўныя асаблівасці ў гаспадарчым і грамадскім жыцці, у матэрыяльнай культуры, што адбівалася на будове жылля, яго ўнутраным убранні, у адзенні, нацыянальнай кухні, абрадах і звычках, у мастацкай творчасці і фальклоры.
Старабеларуская мова да канца XVII стагоддзя была дзяржаўнай мовай ВКЛ — мовай канцылярыі вялікага князя, на якой пісаліся летапісы, хронікі, свецкія і царкоўныя творы, вялося справаводства...
Заключэнне ў 1569 годзе ў Любліне ўніі паміж ВКЛ і Каралеўствам Польскім прывяло да стварэння федэрацыі Рэчы Паспалітай з выбарным манархам. У канцы таго ж стагоддзя ў Брэсце была заключана царкоўная ўнія (1596) праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Гэта абвастрыла адносіны ў грамадстве як на свецкім, так і на рэлігійным узроўні.
Паланізацыя, проціборства эканамічных і палітычных інтарэсаў розных сацыяльных груп у ВКЛ суправаджалася выступленнямі сялян, гарадской беднаты, дробных феадалаў, а самі гэтыя выступленні ўсё болып набывалі антыфеадальную і нацыянальна-рэлігійную афарбоўку.
Усё гэта стварала глебу для пашырэння ў другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзяў рэфармацыйнага руху як альтэрнатывы каталіцызму і праваслаўю. Пратэстанцкія абшчыны на Міншчыне ўзніклі ў гэты час ў Нясвіжы, Клецку, Мінску, Заслаўі, Койданаве, Гарадзеі, Івянцы, Капылі і іншых месцах. Рэфармацыя садзейнічала развіццю літаратуры, мастацтва, школьнай справы, кнігадрукавання. Так, у 1562 годзе ў Нясвіжскай друкарні асветнік Сымон Будны выдаў «Катэхізіс» — першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігу на беларускай мове. Надалей яго жыццёвы і творчы шлях быў звязаны са многімі месцамі Міншчыны (Заслаўе, Лоск, Узда).
Аднак спадзяванні ініцыятара пашырэння кальвінізму на землях ВКЛ уладара Нясвіжа і канцлера вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага не спраўдзіліся. Контррэфармацыя, якую праводзілі каралеўская ўлада і іезуіты, перамагла, а рэфарматары вымушаны былі згарнуць сваю дзейнасць.
У сярэдзіне XVII стагоддзя Рэч Паспалітая пагрузілася ў вір войнаў, справядліва названых “Патопам”. Спачатку антыфеадальная вайна 1648—1651 гадоў, а затым вайна Расіі з Рэч Паспалітай 1654—1667 гадоў ператварылі землі Міншчычы ў арэну актыўных баявых дзеянняў і пакінулі пасля сябе каласальныя страты насельніцтва (у Мінскім ваяводстве — да 70 працэнтаў) і ператвораную ў руіны эканоміку края. Карціну разбурэння, дапоўнілі неўраджаі, эпідэміі, голад...
Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) войскі шведскага караля Карла XII, пераправіўшыся праз Нёман, у 1706 годзе пачалі наступленне на беларускія землі. У маі яны захапілі Слуцк і Клецк, у жніўні — Нясвіж. У 1708 годзе Карл XII некалькі месяцаў стаяў ля Даўгінава і Радашковіч, затым зноў захапіў Слуцк і падыйшоў да Мінска...
Паходы шведскага караля, як і перамяшчэнні ягонага супраціўніка маскоўскага цара Пятра I, суправаджаліся рабаўніцтвам і гвалтам мясцовага насельніцтва.
У выніку гэтых спусташальных войнаў другой паловы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў асабліва моцна пацярпелі на Міншчыне Клецк, Лагойск, Нясвіж, Койданаў, Смалявічы і іншыя населеныя пункты. Аднак ужо да канца XVIII стагоддзя дзякуючы росту айчыннага прамысловага прадпрымальніцтва, развіццю промыслаў і камерцыйнай дзейнасці, на Міншчыне дзейнічала каля 100 мануфактур. Самымі вялікімі і аснашчанымі складаным тэхнічным абсталяваннем былі Урэчская і Налібокская гуты, фабрыкі шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы, фаянсавая ў Свержані (усе яны былі створаны Радзівіламі), гута графа Салагуба ў Іллі і многія іншыя. Часцяком на гэтых мануфактурах працавалі замежныя спецыялісты, а работнікамі былі прыгонныя сяляне разам з наемнымі рамеснікамі.
У выніку другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) Міншчына была ўключана ў склад Расіі. 23 красавіка 1793 года ўказам Сяната Расійскай імперыі створана новая адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка — Мінская губерня, якая праіснавала да 1921 года. Яе межы, што ахоплівалі не толькі сучасную Мінскую, але і частку Гомельскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцей, неаднаразова змяняліся, значна адрозніваючыся ад сучаснай тэрыторыі вобласці. 12 снежня 1796 года, згодна з указам Сяната, губерня была падзелена на 10 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісненскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слуцкі. Пазней Вілейскі і Дзісненскі паветы адышлі да Віленскай губерні, а да Мінскай далучылі Навагрудскі павет.
У 1793—1796 гадах губерня ўваходзіла ў Мінскае, Ізяслаўскае і Браслаўскае генерал-губернатарства — з 3 мая 1795 да 1796 года складала асобнае Мінскае намесніцтва. Тут функцыянавалі розныя дзяржаўныя ўстановы: намесніцкае праўленне, казённая і судовая палаты, верхні і ніжні земскія, сіроцкі і іншыя суды, дваранская апека, губернскі і Мінскі гарадскі магістраты. На тэрыторыі далучаных да Расіі земляў некаторы час існавала падвойнае заканадаўства — расійскае і Статут ВКЛ 1588 года. Гэтым і тлумачыцца пярэстасць дзеючых судоў і ўстаноў, многія з якіх зніклі толькі з адменай законаў Вялікага Княства Літоўскага ў 1840 годзе.
Франка-расійская вайна, якая пачалася ў 1812 годзе, пакінула на Міншчыне нямала сваіх слядоў як у пачатку амбіцыйнага пахода французскага імператара Напалеона, так і на яго заключным этапе. 28 лістапада 1812 года пад Барысавам і 4-5 снежня 1812 года пад Маладзечна адбыліся апошнія, завяршальныя баі паміж французскім і рускім войскамі. Вайна адкінула Беларусь, і Міншчыну ў прыватнасці, на паўстагоддзя назад у эканамічным развіцці. Крызіс прыгоніцкай сістэмы, нарастанне палітычных супярэчнасцей у сувязі са шляхецкім (“лістападаўскім”) паўстаннем, якое ўзнялося ў лістападзе 1830 года, вымусілі ўлады пайсці на жорсткія меры падаўлення незадаволенасці ў грамадстве на розных узроўнях. Мінская губерня была аб'яўлена на ваенным становішчы.
У 1863—1864 гадах Беларусь ахапіла полымя новага нацыянальна-вызваленчага паўстання. На Міншчыне дзейнічаў 21 паўстаніцкі атрад. Найбольш буйныя баі з царскімі войскамі адбыліся ў Валожынскім, Слуцкім і Ігуменскім паветах. Аднак разам з нарастаннем сацыяльнай незадаволенасці ў другой палове XIX стагоддзя адбываецца інтэнсіўнае развіццё рэгіёна. У эканамічным прагрэсе Мінскай губерні значныя пазітыўныя зрухі былі звязаны перш за ўсё і з будаўніцтвам чыгункі — Маскоўска-Брэсцкай (1871) і Лібава-Роменскай (1873). Мінск, Барысаў, Маладзечна становяцца буйнымі чыгуначнымі вузламі. У сувязі з гэтым рэзка ўзрастае колькасць насельніцтва ў гэтых гарадах. З'яўляюцца новыя прамысловыя прадпрыемствы. Калі ў 1853 годзе на Міншчыне было 55 фабрык, то ў 1892-м — 320. Сярод іх запалкавыя фабрыкі “Вікторыя”, “Бярэзіна” (1881) і шклозавод (1898; усе яны і да гэтага часу працуюць у Барысаве), машынабудаўнічы завод у Мінску (1881), шклозавод “Залессе” ў Вілейскім павеце і інш.
Адкрываюцца новыя навучальныя ўстановы: Маладзечанская (1864) і Нясвіжская (1875) настаўніцкія семінарыі. Выпускнікамі Маладзечанскай семінарыі былі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Міхась Забейда-Суміцкі, Нясвіжскай — Якуб Колас, Кузьма Чорны, Адам Багдановіч.
Пачатак XX стагоддзя адзначыўся правядзеннем у Мінску I з'езда РСДРГ (1-3 (13-15) сакавіка 1898 года). У рэвалюцыю 1905—1907 гадоў пашыраліся рабочыя і сялянскія выступленні амаль па ўсёй губерні.
У Першую сусветную вайну Міншчына стала арэнай баявых дзеянняў. Крывапралітныя баі адбываліся ў 1915 годзе ў Маладзечне і Вілейцы падчас ліквідацыі Свянцянскага прарыву нямецкіх войскаў і ў 1916 годзе ў ходзе Нарачанскай аперацыі. Многія прадпрыемствы былі эвакуяваны ў глыб Расіі. Эканамічнае разбурэнне яшчэ больш узмацніла сацыяльна-палітычнае становішча ў губерні.
Лютаўская, а затым Кастрычніцкая рэвалюцыі ў (1917) прывялі — на фоне вайны, якая яшчэ працягвалася да калейдаскапічнай змены ўлад на Міншчыне ў перыяд з 1917 па 1921 гады, калі ў Рызе быў заключаны мірны дагавор, які падзяліў Беларусь на дзве часткі — усходнюю, савецкую, і заходнюю, польскую. Мяжа прайшла па Міншчыне. 25 сакавіка 1918 года ў Мінску была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), 1 студзеня 1919 года ў Смаленску — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (ССРБ), у далейшым, ужо ў складзе СССР — БССР.
У жніўні 1924 года на тэрыторыі ўсходняй часткі Міншчыны ўтвораны Слуцкая, Мінская і Барысаўская акругі. У 1924—1930 гадах Мінск стаў цэнтрам Мінскай акругі, а з 1934 года — раёна. 15 студзеня 1938 года першая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Пастанову “Аб змяненні і дапаўненні артыкулаў Канстытуцыі СССР “Аб увядзенні ў БССР абласнога адміністратыўнага дзялення”, згодна з якой утворана Мінская вобласць.
3 пачаткам Другой сусветнай вайны землі Заходняй Беларусі былі аб'яднаныя ў адзіную дзяржаву. У Мінскую вобласць увайшлі Мядзельскі, Вілейскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Стаўбцоўскі, Нясвіжскі і Клецкі раёны.
Перадваенны ўзровень развіцця народнай гаспадаркі Міншчыны быў адным з самых высокіх на Беларусі. У Мінскай вобласці дзейнічала каля 8500 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх такія як шклозавод, дрэваапрацоўчы камбінат, запалкавая, папяровая, макаронная фабрыкі ў Барысаве, чыгуналіцейны завод, мяса- і хлебакамбінаты ў Слуцку, кардонная фабрыка ў Пухавічах, ільнозавод у Любані і г. д. Было ўтворана каля дзвюх тысяч калгасаў.
3 пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўся вобласць на працягу літаральна некалькіх дзён была акупавана ворагам. Міншчына стала краем усенароднага партызанскага руху. На тэрыторыі вобласці працавалі Мінскі і Вілейскі польныя абкомы партыі, штабы злучэнняў мінскіх і вілейскіх партызан. Падпольныя арганізацыі былі створаны практычна ва ўсіх гарадах і буйных населеных пунктах вобласці.
Нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі на Мінскай зямлі жудасныя лагеры смерці: Масюкоўшчынскі, Маладзечанскі і Трасцянецкі, дзе бьглі знішчаны сотні тысяч чалавек. Гарэлі вёскі, разбураліся гарады... Сусветна вядомым помнікам ваеннага ліхалецця стала вёска Хатынь пад Лагойскам, дзе ў 1969 бьгў адкрьгты велічны мемарыял усім загінуўшым.
У ходзе Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” патрыёты вобласці цесна ўзаемадзейнічалі з воінскімі часцямі, удзельнічалі ў разгроме гітлераўскай групіроўкі. У ліпені 1944 года Мінская вобласць цалкам вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. 30 чэрвеня 1944 года быў вызвалены Слуцк, 1 ліпеня — Барысаў, 3 ліпеня — Мінск, 5 ліпеня — Маладзечна.
14 мая 1946 года Мінск стаў горадам рэспубліканскага падпарадкавання. I ўжо да канца першай пасляваеннай пяцігодкі ў вобласці быў дасягнуты даваенны ўзровень прамысловай вытворчасці, з'явіліся адноўленыя гарады і нанова адбудаваныя вёскі.
За кароткі гістарычны тэрмін — у другой палове XX стагоддзя — Мінскі край стаў рэгіёнам з найбуйнейшым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам, з развітой інфраструктурай, арыентаванай на агульнасаюзныя маштабы вытворчасці. Ва ўсе куткі краіны ішла прадукцыя, якую выпускалі прадпрыемствы Міншчыны. Вобласць была неад'емна і значнай часткай адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР. У 1976 годзе Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам распрацавана “Схема раённай планіроўкі Мінскай вобласці”, якая прадугледжвала перспектыўнае развіццё ўсіх гарадоў, размяшчэнне новых галін прамысловасці, упарадкаванне зон адпачынку насельніцтва. Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Мінская вобласць у 1967 і 1970 гадах узнагароджана ордэнам Леніна.
Пасля распаду Савецкага Саюза (1991) разрыў традыцыйных эканамічных сувязей адбіўся на ўсіх галінах эканомікі вобласці. Нямала сіл і энергіі давялося прыкласці працаўнікам вобласці ў постсавецкі перыяд, каб спыніць негатыўныя працэсы, замацаваць станоўчыя тэндэнцыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці.


(Вехі гістарычнага шляху Міншчыны // Мінская вобласць [Выяўленчы матэрыял] = Минская область = Minsk region / тэкст : А. Г. Варава, Л. І. Дрык, А. А. Кароткі ; рэд. Н. А. Плыткевіч ; маст. : С. М. Плыткевіч [і інш.]. — Мінск, 2011. — C. 14—35.)

 

 

Кнігі пра Мінскую вобласць:

 

953064ба/63.3(4Беі)я20/Г 20


Гарады і вёскі Беларусі :  энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 /  [пад рэд. Т. У. Бяловай і інш.] ; НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, Выд-ва "Бел. энцыкл. імя П. Броўкі". — Мінск :  БелЭн, 2010. — 736 с. : іл.


Шматтомнае энцыклапедычнае выданне. У якім на падставе найноўшых гістарычных і іншых крыніц адлюстраваны гісторыя і сучасны эканамічны і культурны стан усіх адміністрацыйна-тэрытатрыяльных адзінак Беларусі — 6 абласцей, 118 раёнаў, а таксама усіх населеных пунктаў кожнага раёна, у тым ліку тых, якія зараз перасталі існаваць.
Восьмы том выдання прысвечаны насаеленным пунктам Мінскай вобласці і гораду
Мінску.

995235ба/26.890(4Беи-4Мин)/Г 684


Гордость моя, Минщина! : справочное издание / Минский областной исполнительный комитет ; ответственный за выпуск И. С. Гончарук. — Минск : СтройМедиаПроект, 2018. — 87 с.

963928ба/26.890(4Беі-4Мін)/С 622


Мінская вобласць [Выяўленчы матэрыял] = Минская область = Minsk region / [тэкст : А. Г. Варава, Л. І. Дрык, А. А. Кароткі ; рэд. Н. А. Плыткевіч ; маст. : С. М. Плыткевіч і інш.]. — Мінск : Рыфтур, 2011. — 239 с.


Гэта маляўнічае выданне прысвечана Мінскай вобласці і расказвае пра гістрыю нашагакраю, а таксама дзень сённяшні — дасягненні ў розных галінах народнай гаспадаркі, культуры, пра найбольш славутыя мясціны Міншчыны. Цікавая частка, у якой Мінская вобласць падаецца з вышыні птушынага палёту. Альбом багата ілюстраваны.
Выданне развічана на шырокае кола чытачоў.


991604ба/63.3(4Беи)я20/Р 326


Регионы Беларуси : энциклопедия. Т. 5 : Минская область : в 3 кн., кн. 1. А-З / редкол. В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. — Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. —397 с., [20] с. цв. ил.


Универсальное многотомное издание, каждый том которого посвящен отдельной области Республики Беларусь, 7-й том - столице государства городу Минску. 5-й том энциклопедии, изданный в 3-х книгах, посвящен Минской области. В энциклопедии в систематизированном порядке дана информация обо всех сферах жизни областей: природе, истории, экономике, культуре, здравоохранении, образовании, социальной сфере, народном творчестве и т.д.

928323ба/63.3(4Беи-4Мин)/С 324


Сердце Беларуси — Минщина : история, культура, традиции : альбом-путеводитель / авт. текста А. Варава, А. Рак ; фот. С. Плыткевича. — Минск : Рифтур, 2007. — 143 с.

939517ба/63.3(4Беи-4Мин)/Т 232


Татаринов, Ю. А. Города Беларуси. Минщина : в некоторых интересных исторических сведениях / Юрий Татаринов. — Минск : И. П. Логвинов, 2008. — 241, [2] с. — (Беларусь историческая).