Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

Сустрэча з аўтарскім калектывам кнігі “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы”
2 лютага 2022 года а 16-й гадзіне ў ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна” адбудзецца сустрэча з аўтарскім калектывам кнігі “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы”. Аўтары кнігі — загадчык аддзела гісторыі партызанскага руху Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Яцкевіч Наталля Анатольеўна і вядучы навуковы рэдактар Цэнтра энцыклапедычных выданняў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Нікіцін Міхаіл Генадзьевіч.
Кніга выдадзена ў 2018 годзе ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Кніга прысвечана трагічным падзеям, якія адбываліся ў 1941—1944 гадах каля былой вёскі Малы Трасцянец Мінскага раёна. На акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі размяшчалася найбуйнейшая нацысцкая "фабрыка смерці".
Трасцянец уваходзіць у лік васьмі найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння людзей у Еўропе, побач з Асвенцымам, Трэблінкай, Белжэцам, Хелмна, Майданекам, Сабіборам (усе на тэрыторыі Польшчы), Ясенавацам (Харватыя). Яго ахвярамі сталі больш за 200 тыс. мірных жыхароў Савецкага Саюза, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і іншых краін, а таксама ваеннапалонныя. Помнікам ім стаў велічны мемарыяльны комплекс "Трасцянец", дзве чаргі якога былі ўрачыста адкрыты ў 2015 і 2018 гадах.
У кнізе сабраны гістарычныя звесткі пра вёскі Малы і Вялікі Трасцянец і іх наваколлі, пачынаючы з канца XVI стагоддзя, выкладзены падрабязны аповед пра трагедыю масавага знішчэння нацыстамі ні ў чым не вінаватых людзей, гісторыя ўшанавання іх памяці, архіўныя фотаздымкі і рэдкія дакументы, карты маршрутаў па мемарыяльным комплексам “Трасцянец” і “Благаўшчына. Апошні шлях”.