22 верасня 2022 г. у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна прайшла прэзентацыя выставы “Паэзія, якая яднае. Максім Багдановіч – прыклад самаадданага служэння Радзіме”, арганізаваная сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
Мерапрыемства паклала старт новаму абласному праекту “Пісьменнікі-ўраджэнцы роднага краю”. Публічная бібліятэка ім. А.С. Пушкіна звязана з імем Максіма Багдановіча, таму ў рамках праекта пачалася праца па папулярызацыі творчасці гэтага пісьменніка. У 1916–1917 гг. ён быў пастаянным чытачом бібліятэкі. Пра жыццё паэта ў Мінску ў сваіх успамінах Змітрок Бядуля пісаў: “Нягледзячы на слабое здароўе, Максім Багдановіч служыў у земстве, дзе шмат працаваў. У вольны ад службы час ён ці сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, ці дома і займаўся літаратурнай дзейнасцю”.
Загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі для супрацоўнікаў бібліятэкі і чытачоў расказаў пра пісьменніка і яго сям’ю, звярнуў ўвагу на цікавыя звесткі з дзіцячых і юнацкіх гадоў Максіма, распавёў пра літаратурную творчасць беларускага літаратара. Бібліятэка падрыхтавала да прэзентацыі кніжную выставу, дзе можна было пазнаёміцца з выданнямі, прысвечанымі асобе пісьменніка, пазнаёміцца з апошняй кнігай, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча (1891–1917) – “Максім Багдановіч” (2021).
Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікала інфармацыя пра бібліятэку Адама Багдановіча, бацькі пісьменніка, якая захоўваецца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Правядзенне падобнай прэзентацыі плануецца 27 верасня 2022 г. у 14.00 на 3 паверсе Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.
Запрашаем далучыцца да мерапрыемства!
|