|
Вы здесьГлавная / Да 140-годдзя Якуба Коласа
Да 140-годдзя Якуба Коласа
|
Паважаныя сябры! У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адкрываецца новая выстава, прысвечаная 140-гадоваму юбілею з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Урачыстае адкрыццё мастацкіх экспазіцый пад агульнай назвай «К табе я ў думках залятаю…» адбудзецца 22 лістапада ў 16 гадзін. Унікальныя матэрыялы выставы прадастаўлены Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.
У рамках мерапрыемства адбудзецца адкрыццё дзвюх часовых экспазіцый – «Туды, на захад!» і выставы фотаработ Джона Кунстадтэра.
Экспазіцыя «Туды, на захад!» прысвечана дзейнасці Якуба Коласа ў перыяд з 1921 па 1930 гады, калі пісьменнік разам з сям'ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск. Менавіта тады ён дасягнуў высокіх поспехаў у літаратурнай творчасці, навуковай і педагагічнай дзейнасці. Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з унікальнымі фотаматэрыяламі аб дзейнасці Якуба Коласа на Куршчыне, у Белпедтэхнікуме і БДУ, навуковай дзейнасці ў Інбелкульце і Акадэміі навук, рукапісамі і фотаздымкамі пісьменніка, а таксама выданнямі твораў розных гадоў.
Аснову другой экспазіцыі складаюць фотаработы амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, аўтара і ўдзельніка шматлікіх фотавыстаў, прысвечаных архітэктурнай і духоўнай спадчыне Беларусі. У часовай экспазіцыі сабраны фотаработы, прысвечаныя Піншчыне – мясцінам, дзе настаўнічаў Якуб Колас у розныя перыяды свайго жыцця і дзе таксама нарадзіўся яго першы сын Данііл.
Ва ўрачыстым адкрыцці прымуць удзел беларускія пісьменнікі і паэты: Зіновій Прыгодзіч, Ірына Карнаухава, Лёля Багдановіч на чале са старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанідам Крываносам.
Чакаем вас 22 лістапада ў 16 гадзін па адрасе: г. Мінск, вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала).
Тэлефон для даведак: 373-70-43 (аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці). |
Автор: admin
|