|
Вы здесьГлавная / Тэматычная вечарына “Мікола Нікановіч – пісьменнік з Кленніка”
Тэматычная вечарына “Мікола Нікановіч – пісьменнік з Кленніка”
|
17 лістапада 2022 года ў Смалявіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла тэматычная вечарына “Мікола Нікановіч – пісьменнік з Кленніка”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратара.
Згодна з палажэннем новага абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, які быў распрацаваны Мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна сумесна з публічнымі бібліятэкамі Міншчыны, у Смалявіцкім раёне ўшаноўваецца памяць пісьменніка Міколы Нікановіча. Тэматычная вечарына адкрыла серыю мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму пісьменніку ў рамках праекта. |
На мерапрыемства сабраліся школьнікі старэйшых класаў мясцовай гімназіі і школы, а таксама дарослыя карыстальнікі бібліятэкі, якія цікавяцца літаратурай і лёсам свайго пісьменніка-земляка Міколы Нікановіча (1902–1944). На пачатку вечарыны паэт і супрацоўнік бібліятэкі Аляксандр Марозаў прадэманстраваў відэапрэзентацыю матэрыялаў, якія захоўвае бібліятэка пра свайго вядомага ўраджэнца: фотаздымкі, часопісы і кнігі аўтара.
Вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль пазнаёміў прысутных з дакументамі пісьменніка, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык расказала пра месца асобы Міколы Нікановіча ў праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з іншымі ўстановамі, сярод якіх і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. У рамках праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” быў прадстаўлены план работы па ўшанаванні памяці земляка і былі перададзены фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, аднаго з арганізатараў праекта, для стварэння віртуальнага музея пісьменніка на сайце бібліятэкі.
З асаблівай цікаўнасцю публіка слухала ўспаміны Яўгеніі Адамаўны Дзяркач, паэткі, унучатай пляменніцы Міколы Нікановіча, якая шмат расказала пра пісьменніка і яго сям’ю, пра свае намаганні па ўшанаванні памяці знакаміта родзіча.
На заканчэнне імпрэзы дырэктар бібліятэкі Святлана Чэрваненка выказала шчырае спадзяванне, што добрая традыцыя ўшанавання памяці пісьменнікаў-землякоў у раённых бібліятэчных і адукацыйных установах будзе мець плённы працяг. Наведнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з выданнямі твораў пісьменніка, што экспанаваліся на бібліятэчным стэндзе.
Матэрыял пададзены аддзелам бібліятэказнаўства |
Автор: admin
|