|
Вы здесьГлавная / «У думках пра Якуба Коласа» - адкрыццё выставы да юбілею народнага паэта Беларусі
«У думках пра Якуба Коласа» - адкрыццё выставы да юбілею народнага паэта Беларусі
|
У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна 22 лістапада 2022 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкіх экспазіцый пад агульнай назвай «К табе я ў думках залятаю…», прысвечаных 140-гадоваму юбілею з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Рэдкія і ўнікальныя матэрыялы прадастаўлены з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. |
Ганаровымі гасцямі цырымоніі адкрыцця сталі старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, паэт Рагнед Малахоўскі, паэт і сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Лёля Багдановіч. На вечарыну прыйшлі і навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага коледжа.
Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю пазнаёміліся з архіўнымі відэаматэрыяламі 40-50-х гадоў, у якіх Якуб Колас выказаў сваё стаўленне да беларускай мовы, гутарыў з прататыпам свайго літаратурнага героя Васілем Ісакавічам Талашом, вядомым усім як Дзед Талаш- галоўны герой аповесці “Дрыгва”.
Рагнед Малахоўскі і Лёля Багдановіч чыталі свае вершы, прысвечаныя Якубу Коласу, яго малой радзіме, шчырым чалавечым пачуццям.
У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя дзвюх экспазіцый. Адна з іх мае назву «Туды, на захад!», прысвечаная літаратурнай, навуковай і педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа ў перыяд з 1921 па 1930 гады, калі пісьменнік разам з сям'ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск. Наступная экспазіцыя - фотавыстава работ амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, прысвечаная Піншчыне – мясцінам, дзе Якуб Колас настаўнічаў у розныя перыяды свайго жыцця, стварыў сям'ю і дзе нарадзіўся яго старэйшы сын Данііл.
Госці і ўдзельнікі сустрэчы змаглі не толькі пазнаёміцца з мастацкімі экспазіцыямі, але і абмеркаваць уплыў творчасці Якуба Коласа на беларускую літаратуру, навуку і культуру, узгадаць багатую духоўную спадчыну, якую народны паэт пакінуў пасля сябе будучым пакаленням.
На развітанне на памяць аб сустрэчы быў зроблены агульны здымак.
Часовыя мастацкія экспазіцыі «К табе я ў думках залятаю…» дэманструюцца ў перыяд з 22.11.2022 па 31.01.2023 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: г. Мінск, вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала).
Уваход вольны. |
Автор: admin
|