Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

“К табе ў думках залятаю”. Экскурсія для навучэнцаў Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа
1 снежня 2022 года ў Мінскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна завіталі навучэнцы Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа, каб пазнаёміцца з выставай “К табе ў думках залятаю”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
Для іх была праведзена цікавая і пазнавальная экскурсія ад вядучага навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Івана Дубовіка.
“Туды, на захад!”, так называецца асноўная экспазіцыя выставы, якая дэманструе жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа па маршруце “Абаянь—Мінск”.
 “Ляцяць яго мыслі туды, на зямлю свае айчыны. Няволіць яго чужая зямля, няласкавая яна для яго”, гэтымі радкамі Якуб Колас апісвае свой псіхалагічны стан ад жыцця ў глыбінцы Расійскай імперыі, горадзе Абаянь Курскай губерніі, куды ён разам з сям’ёй пераехаў падчас эвакуацыі ў перыяд Першай сусветнай вайны. У становішчы роспачы, разгубленасці  і беднаты, “на цэлы тыдзень яго сям’я на чатыры душы мела 21 бульбіну”, яны пражылі на чужбіне амаль тры с паловай гады.
Іван Сільвестравіч распавёў як у 1921 годзе Якуб Колас вяртаецца ў Мінск, дзе пачынаецца росквіт яго літаратурнай творчасці і навукой дзейнасці. Выкладчыцкая справа ў Беларускім педагагічным тэхнікуме і Дзяржаўным беларускім універсітэце, навуковая праца ў літаратурна-даследчай камісіі Інстытута беларускай культуры. І канешне, галоўнае ў жыцці пісьменніка, літаратура.

У Мінску Колас скончыў свае найлепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў трылогію “На ростанях”, апавяданне “Дрыгва”, дзіцячыя творы “Міхасёвы прыгоды”, “Савось-распуснік”, былі распачаты паэмы “На шляхах волі” і “Рыбакова хата”, выйшаў у свет зборнік апавяданняў “Казкі жыцця”.
У 1926 годзе Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі.
Але на змену значных поспехаў, якія дасягнула беларуская культура за перыяд  20—30-х гг., прыйшоў трагічны і драматычны час, перыяд беспадстаўных рэпрэсій. Вялікі ціск са стараны ўлады быў і на Якуба Коласа: крытыка, вобыскі, допыты. Былі арыштаваны і рэпрэсаваны блізкія сваякі паэта — дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі.
А потым пачалася Вялікай Айчыннай вайна… Двухпавярховы дом Якуба Коласа ў Вайсковым завулку, зараз тэрыторыя Цэнтральнага дзіцячага парка імя Горкага ў Мінску, быў поўнасцю зруйнаваны 24 чэрвеня 1941 года падчас нямецкай бамбёжкі…
Другую экспазіцыю выставы складаюць самабытныя чорна-белыя фотаздымкі беларускага Палесся амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра.
Піншчына… Вёскі Люсіна і Пінкавічы… Менавіта тут прайшлі першыя гады настаўніцтва Якуба Коласа. У “пінскі” перыяд адбылася сустрэча Коласа са сваёй жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, якую ён кахаў на працягу ўсяго жыцця,  і нараджэнне першага сына Данііла.
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што жыхары вёскі Пінкавічы сталі прататыпамі герояў трылогіі “На ростанях”.
Удзельнікі экскурсіі засталіся ў вялікім захапленні, задавалі шмат пытанняў пра сям’ю Коласа і яго нашчадкаў, а таксама абмяркоўвалі спрэчныя моманты жыцця і творчасці беларускага песняра.
А мы нагадваем, што выстава “К табе я ў думках залятаю…” дзейнічае па 31.01.2023 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна па адрасе: г. Мінск, вул. Гікалы, 4 (другі паверх, выставачная зала).
Уваход вольны.


Матэрыял падрыхтаваны аддзелам краязнаўчай літаратуры