Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

Абласны круглы стол “Захаванне і папулярызацыя гістарычнай памяці. Пісьменнікі-землякі: Язэп Пушча”
28 лютага 2023 года на базе Гатаўскай сельскай бібліятэкі-клуба ДУ “Мінская раённая цэнтральная бібліятэка” прайшоў абласны круглы стол “Захаванне і папулярызацыя гістарычнай памяці. Пісьменнікі-землякі: Язэп Пушча” ў рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”.
20 мая 2022 года грамадскасць краіны адзначала 120-годдзе з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, публіцыста, настаўніка Язэпа Пушчы (Іосіфа Плашчынскага), які нарадзіўся ў в. Каралішчавічы пад Мінскам. Ён адзін з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, лідар авангардысцкага напрамку ў паэзіі, а, менавіта, такога напрамку як вітаізм, які быў акрэслены ў яго зборніку “Vita” (1926). Пісьменнік памёр у 1964 годзе пасля цяжкай хваробы, па яго жаданні ён быў пахаваны на радзіме ў в. Каралішчавічы побач з бацькамі.
У 2022 годзе разгарнулася святкаванне юбілею Язэпа Пушчы, яго адзначалі ў сталіцы краіны, так і на малой радзіме пісьменніка ў Мінскім раёне. Тут прайшоў шэраг разнастайных акцый: святочныя імпрэзы ў гонар знакамітага земляка, літаратурныя анлайн-конкурсы, былі падрыхтаваныя друкаваныя выданні пра пісьменніка і іншае.
Арганізатарамі абласнога круглага стала, прысвечанага творчасці земляка Язэпа Пушчы, сталі Мінская раённая цэнтральная бібліятэка, Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. На радзіме пісьменніка зноў гучалі яго вершы, згадваліся найбольш яркія старонкі з асабістага жыцця пісьменніка і яго творчага шляху.
Мадэратарам мерапрыемства выступіла загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык, якая расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра рэалізацыю праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, у рамках якога праходзіў круглы стол.
Для вучняў мясцовай школы і сельскіх бібліятэкараў прагучалі выступленні даследчыкаў творчасці Язэпа Пушчы – літаратуразнаўцаў, бібліятэкараў і архівістаў. Заўсёды з цікавымі звесткамі выступае вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, паэт, літаратуразнаўца Віктар Жыбуль. На мерапрыемстве ён распавёў пра Мінск у лёсе і творчасці Язэпа Пушчы, дзе прайшла частка жыцця пісьменніка. Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца Аксана Данільчык расказвала пра месца італьянскай літаратуры ў творчасці Язэпа Пушчы.
На інтэрактыўнай выставе “Зорка нацыянальнай паэзіі”, якая была падрыхтаваная Гатаўскай бібліятэкай, былі прапанаваныя для прагляду рарытэтныя выданні Язэпа Пушчы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Найбольшую ўвагу заслугоўвае зборнік “Vita” з дарчым надпісам і аўтографам самога пісьменніка. На круглым стале ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выступіла галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава, якая распавяла пра віртуальны раздзел праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, што быў створаны да 120-годдзя Язэпа Пушча. У прыватнасці, яна паведаміла менавіта пра архіўны фонд № 26, у якім захоўваюцца дакументы Язэпа Пушчы, з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Гэтыя матэрыялы для архіва-музея ў свой час перадаў сам пісьменнік, а пасля – яго ўдава, Станіслава Плашчынская (Шпакоўская). Цяпер асобная адсканаваная частка гэтага фонду размешчана ў віртуальным раздзеле пра пісьменніка на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Важнай часткай мерапрыемства з’яўлялася прэзентацыя віртуальнага музея, створанага на сайце Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, які стаў вынікам даследавання творчасці пісьменніка, ушанавання памяці аўтара на яго малой радзіме. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Марына Камлюк распавяла пра гэты рэсурс, які ствараўся непадобным на раздзел пра пісьменніка на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Распрацоўшчыкі звярнуліся да часткі творчасці пісьменніка, калі ён быў настаўнікам, таму у межах віртуальнага музея можна не толькі даведацца пра самога аўтара вершаванай казкі “На Бабрыцы”, але таксама разгадаць красворды, рэбусы. Для настаўнікаў ёсць матэрыял у выглядзе прэзентацый і відэаролікаў, які можна выкарыстаць на ўроку для азнаямлення вучняў з творчасцю пісьменніка.
Варта адзначыць, што ў хуткім часе ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна” будзе запушчаны абласны конкурс па стварэнні віртуальных музеяў на сайтах бібліятэк вобласці. Прэзентацыя музея пра Язэпа Пушчу паклала пачатак рэалізацыі гэтага конкурсу. Да круглага стала далучыўся фотажурналіст, краязнавец, выдавец, дырэктар фонда дзікай прыроды “Чырвоны Бор”  Сяргей Плыткевіч, які зацікавіўся ідэяй стварэння бібліятэкамі музеяў, прысвечаных пісьменнікам-землякам. Ён прадставіў сайт “Планета Беларусь”, які з’яўляецца маштабным праектам для азнаямлення з турыстычнымі аб’ектамі, вядомымі мясцінамі і асобамі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, праект “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” выходзіць на новы ўзровень і можа стаць вядомым не толькі ў Мінскай вобласці!
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства.