|
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе сваім пастаянным чытачам і гасцям мастацкую выставу «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў». Гэта карціны жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева і маладой беларускай мастачкі Дар'і Цітовай.
Пра тое, што Радзіма бывае не толькі «вялікая», добра ведаюць многія, не толькі беларусы, але і жыхары сумежных краін. Для большасці з нас, тых, хто з цягам часу перабраўся з маленькіх вёсак і аграгарадкоў у вялікія і шумныя гарады, «малая радзіма» не пусты гук і не «чырвонае слоўца». Гэта тое месца, дзе прайшло дзяцінства, малаленства і юнацтва, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе заўсёды чакае радня, блізкія людзі і даўнія сябры, іншымі словамі – месца, дзе чалавек калісьці, падобна дрэву, пусціў свае карані, якія працягваюць сілкаваць яго жыватворнай сілай нават за многія сотні кіламетраў ад роднага дома.
Свая «малая радзіма» ёсць і ў патрыярха беларускага жывапісу Барыса Аракчэева. На карцінах, якія ўвайшлі ў склад выставы, Барыс Уладзіміравіч адлюстраваў вёску Турбанава (Брэйтаўскі раён Яраслаўскай вобласці), дзе будучы мастак правёў сваё юнацтва, пакуль не быў накіраваны ў Бабруйск у гады Вялікай Айчыннай вайны. Так Беларусь стала другой «малой радзімай» для Барыса Аракчэева, якой ён прысвяціў нямала маляўнічых палотнаў, у тым ліку тыя, на якіх адлюстравана радзіма маладой таленавітай мастачкі Дар’і Цітовай. Яе творчасць прысвечана прыгажосці роднага Калінкавіцкага раёна: старажытныя манастыры і сядзібы беларускай шляхты, і найпрыгажэйшая прырода, характэрная для Прыпяцкага Палесся. Усё гэта хараство можна знайсці на карцінах юнай мастачкі, якая ў свае дваццаць тры гады ўжо з'яўляецца актыўнай удзельніцай рэспубліканскіх фестываляў жывапісу.
|