|
У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна 2 лістапада 2023 года адбылася цырымонія адкрыцця мастацкай выставы «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў», складзеная з выбраных работ жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева і маладой беларускай мастачкі Дар'і Цітовай.
У кожнага з нас ёсць свая малая радзіма, месца, дзе жывуць успаміны пра бесклапотнае дзяцінства, школьныя гады і бурнае юнацтва. З'язджаючы куды-небудзь на доўгі час, мы захоўваем памяць аб роднай хаце ў сваім сэрцы, каб часам звяртацца да яе і слухаць рэха мінулых дзён, падобна шуму марскіх хваль у выкінутай на бераг ракавінцы. Мастакі, валодаючы дарам захоўваць свае думкі і пачуцці з дапамогай палатна і фарбаў, асабліва ставяцца да гэтай трапяткой тэмы малой радзімы і часта у сваіх работах даюць магчымасць нам здзейсніць падарожжа ў далёкае мінулае – туды, дзе пачаўся жыццёвы шлях кожнага выбітнага жывапісца. Адправіцца ў падобнае падарожжа змаглі і госці адкрыцця выставы, на якой усім прысутным былі прадстаўлены карціны двух пакаленняў беларускіх мастакоў, кожны з якіх з любоўю адлюстраваў родныя мясціны на сваіх карцінах.
У калекцыі работ «патрыярха» беларускага жывапісу Барыса Аракчэева асаблівае месца займаюць пейзажы роднай Яраслаўшчыны і вёскі Турбанава, у якой ён нарадзіўся і жыў да свайго пераезду ў Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны – менавіта гэтыя карціны сталі асновай экспазіцыі ў Мінскай абласной бібліятэцы.
У сваю чаргу, натхнёная стылем і вобразамі патрыярха беларускага жывапісу маладая мастачка Дар'я Цітова, прадставіла свае работы, прысвечаныя добра знаёмым ёй мясцінам Калінкавіцкага раёна, маляўнічага кутка гасціннай Гомельшчыны. Эстэтыка мірнага вясковага жыцця і беларускай прыроды ў творчасці мастачкі гарманічна спалучаецца з карцінамі далёкіх заснежаных абшараў і рыбацкіх партоў. Для Дар'і адкрыццё выдалася асабліва хвалюючым, бо гэта яе першая персанальная выстава, якая экспануецца ў Мінску.
|