У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна 11 лістапада 2023 года ў 14.30 адбудзецца адкрыццё фотавыставы «Родныя мае мясціны...», прымеркаваная да дня ўшанавання памяці беларускага празаіка, драматурга і публіцыста Кузьмы Чорнага. Выстава арганізавана сумесна з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага.
Мікалай Раманоўскі, больш вядомы пад творчым псеўданімам Кузьма Чорны, быў прадстаўніком пакалення пісьменнікаў і паэтаў, якім наканавана было пакінуць глыбокі след не толькі на старонках айчыннай літаратуры, але і ў гісторыі станаўлення сучаснай Беларусі. Кузьма Чорны ўваходзіў у знакамітыя творчыя супольнасці «Маладняк» і «Узвышша», займаў пасаду галоўнага літкансультанта кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гэты перыяд ім былі створаны найболей моцныя творы з магутным гуманістычным пасылам. Будучы не толькі творцам, але і грамадзянінам, сапраўдным сынам сваёй зямлі, Кузьма Чорны прысвяціў ёй нямала рукапісных старонак, уклаўшы ў іх усё сваё каханне, спачуванне і веру ў светлую будучыню.
Падчас адкрыцця выставы госці змогуць пазнаёміцца з абранымі фотаздымкамі месцаў, дзе некалі жыў і працаваў Кузьма Чорны. Перад гледачамі адкрыюцца панарамы жывапісных пейзажаў, якія не аднойчы натхнялі пісьменніка на стварэнне яго лепшых твораў.
Адкрыццё выставы «Родныя мае мясціны...» адбудзецца 11 лістапада 2023 года ў 14:30 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна на вул. Гікалы, 4 (другі паверх, інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.
|