|
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прадстаўляе ўвазе сваіх чытачоў і гасцей літаратурна-дакументальную выставу «І толькі на цябе надзея», прысвечаную жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў перыяд яго пражывання ў Мінску, а таксама бліжэйшым сябрам паэта, якія ўваходзілі ў склад культурна-асветніцкага клуба «Беларуская хатка». Выстава з'яўляецца сумесным праектам з філіялам «Беларуская хатка» установы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры».
Назва для выставы з'яўляецца шмат у чым сімвалічнай. Пры жыцці Максім Багдановіч сапраўды быў найярчэйшай надзеяй для ўсёй беларускай літаратуры. У сваёй творчасці паэт падымаў пазачасавыя тэмы, якія былі актуальнымі стагоддзі таму – і застаюцца такімі па гэты дзень. Таленавітаму, працавітаму і ўсім сэрцам закаханаму ў родную зямлю, Максіму Багдановічу было што сказаць і пра што напісаць – не хапіла паэту толькі часу, адведзенага яму на зямлі. Яго паэтычныя радкі: «Даўно ўжо целам я хварэю, І хвор душой – І толькі на цябе надзея, край родны мой!» сталі прароцкімі – Багдановіча ўжо даўно няма з намі, аднак родны край, падобна маці, памятае свайго сына і беражліва захоўвае яго літаратурную спадчыну для нашчадкаў.
У рамках выставы, размешчанай на багата аформленых roll-up стэндах, наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з біяграфіяй Максіма Багдановіча, акцэнт у якой зроблены на яго пражыванні ў горадзе Мінску. Беларуская сталіца заўсёды займала асаблівае месца ў жыцці паэта. У гэтым горадзе Багдановіч нарадзіўся і правёў юнацтва – і тут жа, па горкай іроніі лёсу, паэт застаў адзін з апошніх гадоў свайго жыцця, паспеўшы напісаць свае самыя знакамітыя творы. Менавіта ў Мінску быў утвораны вядомы клуб беларускай мастацкай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», заўсёднікамі якога быў не толькі сам Максім Багдановіч, але і яго блізкія сябры – Уладзіслаў Галубок, Змітрок Бядуля, Зоська Верас, Усевалад Фальскі і іншыя маладыя пісьменнікі і паэты. Для многіх з іх «Беларуская хатка» стала не толькі месцам сустрэчы з сябрамі, але і пляцоўкай для стварэння сваіх твораў.
Экспазіцыя дазваляе ўсім жадаючым пазнаёміцца з найбольш характэрнымі фактамі з біяграфіі Максіма Багдановіча і іншых пісьменнікаў-удзельнікаў клуба «Беларуская хатка» і, несумненна, адрасавана самаму шырокаму колу наведвальнікаў.
|