|
Вы здесьГлавная / Кузьма Чорны: месцы і ўспаміны
Кузьма Чорны: месцы і ўспаміны
|
У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна 11 лістапада 2023 года адбылося адкрыццё фотавыставы «Родныя мае мясціны...», прысвечанай да дня ўшанавання памяці беларускага празаіка, драматурга і публіцыста Кузьмы Чорнага. Выстава арганізавана сумесна з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Народным фотаклубам «Мiнск».
У кожнага з нас ёсць любімыя месцы, вясковыя домікі і прылеглыя да іх лясы, куды мы часам прыязджаем, каб зноў акунуцца ў атмасферу настальгіі па часах бесклапотнага дзяцінства і юнацтва. Фотавыстава «Родныя мае мясціны...» сабраная са здымкаў менавіта такіх месцаў аграгарадка Цімкавічы Капыльскага раёна, якія мелі асаблівае значэнне ў жыцці Кузьмы Чорнага. Калі мы глядзім на прадстаўленыя фатаграфіі, перад вачыма самі сабой паўстаюць яркія вобразы – верагодна, пад вялікім дубам з магутнымі каранямі і «ніцай» вярбой маленькі Мікалай (сапраўднае імя Кузьмы Чорнага) складаў свае першыя, тады яшчэ паэтычныя радкі, басанож бегаў па бязмежных зялёных палях, а пасля вяртаўся ў родны дом, дзе ў печы ўжо падыходзіў бохан свежага хлеба. Праз гісторыю жыцця аднаго асобна ўзятага чалавека перад гледачамі выставы раскрываецца летапіс цэлага народа – такі, які ён быў стагоддзе таму. |
Экскурсію па выставе для гасцей адкрыцця правяла адна з яе арганізатараў, загадчык філіяла «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Людміла Ніжэвіч. Ганаровымі гасцямі адкрыцця таксама сталі ўдзельнікі Народнага фотаклуба «Мінск» і яго старшыня Уладзімір Паўлаў. Члены клуба ўдзельнічалі ў вераснёвым пленэры ў Цімкавічах, па выніках якога была сабрана экспазіцыя. Гледачам таксама была паказана тэматычная прэзентацыя, прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху Кузьмы Чорнага: "Творчы шлях Кузьмы Чорнага", якую зрабіла загадчык Цімкавіцкай бібліятэкі Радкевіч Вольга Уладзіміраўна
Фотавыстава «Родныя мае мясціны...» экспануецца ў перыяд з 11 па 22 лістапада 2023 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4 (другі паверх, інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел). Уваход вольны.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.
|
Автор: admin
|