Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

«Вечны рух» у творчасці Таццяны Каленік

Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна прапануе ўвазе сваіх чытачоў, гасцей і прыхільнікаў арыгінальных жанраў літаратурна-мастацкую выставу «Каб не спыніўся рух» беларускай пісьменніцы, паэткі і мастачкі-ілюстратара Таццяны Рыгораўны Каленік.

Таццяна Каленік родам з горада Беразіно Мінскай вобласці. У школьныя і студэнцкія гады будучая мастачка і паэтка выяўляла сябе ў розных відах творчасці: займалася вакалам і гульнёй на баяне, працавала ў студыі бальных танцаў і ўдзельнічала ў стварэнні тэатральных пастановак. Першыя вершы ў выкананні Таццяны Каленік прагучалі на творчых пляцоўках Беразіно і былі апублікаваныя на старонках расійскага часопіса «Берега». Паэтка выступала ў якасці аднаго з кіраўнікоў творчых праектаў «Сябрына» і «Рэзананс». Бясцэнны прафесійны і творчы вопыт Таццяна Рыгораўна атрымала падчас працы ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Таксама на працягу двух гадоў яна займала пасаду галоўнага спецыяліста Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (2020-2022). На сённяшні дзень Таццяна Каленік з'яўляецца супрацоўнікам сталічнай бібліятэкі-філіяла №3 імя В.В. Маякоўскага, дзе загадвае літаратурным аб'яднаннем «Слова».
У склад літаратурна-мастацкай выставы «Каб не спыніўся рух» увайшлі ілюстрацыі і верлібры з аднайменнага дэбютнага зборніка паэткі. У сваёй творчасці Таццяна Рыгораўна сумяшчае традыцыйныя нацыянальныя матывы са знаёмымі вобразамі сучаснасці. Чорна-белыя графічныя замалёўкі з рэдкімі ўкрапінамі яркіх колераў выкананы ў падкрэслена ірацыянальнай, сюррэалістычнай манеры, даючы гледачам шырокі прастор для трактовак і інтэрпрэтацый. Гэтаму ж спрыяе і суправаджаючыя кожную працу верлібры - так званыя «свабодныя вершы», якія доўгі час заставаліся адным з асноўных спосабаў выражэння паэтычнага авангарду. Арыгінальная манера і адмова ад умоўнасцяў падкрэслівае асноўную думку выставы аб тым, што любое мастацтва, як і само жыццё, ніколі не спыняецца, а толькі змяняе вектар свайго развіцця і змяняецца пад уплывам часу, прасторы і навакольных яго людзей.

Літаратурна-мастацкая выстава Таццяны Каленік «Каб не спыніўся рух» экспануецца ў перыяд з 29 сакавіка па 22 красавіка 2024 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна па адрасе: вул. Гікалы, 4 (хол другога паверха). Уваход вольны.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.