Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

Літаратурна-музычная імпрэза “Жыццё як радасць існавання”, прымеркаваная да 100-годдзя ўступлення Кузьмы Чорнага ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”

3 красавіка 2024 г. у Цімкавіцкай сярэдняй школе імя Кузьмы Чорнага аг. Цімкавічы Капыльскага раёна прайшла літаратурна-музычная імпрэза “Жыццё як радасць існавання”, прымеркаваная да 100-годдзя ўступлення класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (1900–1944) ў літаб’яднанне “Маладняк” (1923–1928) – першае літаратурнае згуртаванне пісьменнікаў Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай ДУ “Капыльская раённая цэнтральная бібліятэка імя Анатоля Астрэйкі”, якія супрацоўнічаюць у рамках выхаваўчага праекта “Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго ведаць”.

Вядоўцамі мерапрыемства выступілі загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч і загадчык Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч.

Галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава паведаміла слухачам пра цікавыя старонкі віртуальнага раздзела, прысвечанага да 120-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Каб зацікавіць вучняў школы карыснай інфармацыяй і праверыць іх веды пра асобныя старонкі з жыцця і творчасці іх земляка і яго блізкіх сяброў па літзгуртаванню, даследчыца агучвала пытанні, за адказы на якія дзеці атрымлівалі заахвочвальныя падарункі.

Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык расказала ўдзельнікам імпрэзы пра пісьменнікаў-маладнякоўцаў, ураджэнцаў Мінскай вобласці, памяць пра якіх ушаноўвалася ў рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”. Праект завяршыўся падвядзеннем вынікаў абласнога конкурсу на стварэнне лепшага віртуальнага рэсурсу пра пісьменніка-земляка на сайтах публічных бібліятэк Мінскай вобласці, былі створаны віртуальныя музеі пісьменнікам-маладнякоўцам – Кузьме Чорнаму, Паўлюку Трусу (дапрацоўваўся рэсурс), Язэпу Пушчу, Міколу Нікановічу.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Ірына Пятровіч пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з першым томам “Збора твораў” (2023) Кузьмы Чорнага, у які ўвайшлі апавяданні, напісаныя класікам беларускай літаратуры ў 1921–1925 гадах на пачатку яго літаратурнай дзейнасці.

Музычнымі падарункамі ўдзельнікам імпрэзы сталі выступленні настаўніцы па класу цымбалаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Вольгі Зянько і вучня 6 класа Цімкавіцкай сярэдняй школы Вітаўта Чарняўскага з музычным нумарам на акардэоне.

Пасля мерапрыемства госці наведалі Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, дзе загадчык музея расказала пра новыя экспанаты, якімі папоўніўся музей у 2023 годзе.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства