Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

На прэзентацыі мастацка-дакументальнай выставы “Яўген Чырыкаў. На шляхах жыцця і творчасці”

17 ліпеня 2024 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “Яўген Чырыкаў. На шляхах жыцця і творчасці”, прысвечаная 160-годдзю вядомага рускага пісьменніка. У ліку яе арганізатараў і ўдзельнікаў былі нашчадкі пісьменніка – захавальніца сямейнага архіва Галіна Чырыкава і праўнучка Я. Чырыкава Алена Ніціеўская.

З 1895 года Яўген Чырыкаў жыў у Мінску, горад адыграў важную ролю ў яго жыцці. Выстава адлюстроўвае біяграфію пісьменніка з акцэнтам на мінскім перыядзе яго творчасці. Тут былі напісаны многія яго творы, у тым ліку, п’еса “Евреи”, якая з поспехам ішла на айчыннай і замежных сцэнах. У свой час пісьменнік даў рэкамендацыйны ліст Адаму Багдановічу, дзякуючы якому сям’я Багдановічаў пазнаёмілася і пасябравала з сям’ёй Максіма Горкага. Таму ў фондах музея захоўваецца шмат матэрыялаў, якія звязаны з Я. Чырыкавым, – лісты, дакументы, паштоўкі, кнігі, перыядычныя выданні.

Пісьменнік быў у ліку ініцыятараў стварэння мінскага Таварыства аматараў мастацтва (Общество любителей изящных искусств), а таксама Пушкінскай бібліятэкі.

Падчас прэзентацыі прагучалі выступленне загадчыка сектара ўліку і захавання фонду М. Багдановіча Алены Кнігі, некалькі рамансаў у выкананні мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра Народнага студэнцкага тэатра “Жывое слова” Алены Сівохінай, а экскурсію па выставе правялі вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Мышкавец і Алена Ніціеўская.

Мерапрыемства наведала загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык. На працягу 2023 года сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ішла праца па стварэнні віртуальнага музея Максіма Багдановіча ў рамках літуратурна-краязнаўчага праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”. Падчас прэзентацыі былі абазначаны новыя дамоўленасці па працягу працы над гэтым праектам сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Фота Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам бібліятэказнаўства.