|
Вы здесьЦІХІЯ АДКРЫЦЦІ 3 25 кастрычніка да 15 лістапада ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна будзе праходзіць міжнародная выстава «Ціхія адкрыцці», на якой экспануюцца працы беларускіх і літоўскіх юных мастакоў – дзяцей з парушэннямі слыху. Якая мова, пераадольваючы бар’еры і межы, дазваляе паразумецца без слоў? Мова колераў, адценняў, ліній – мова выяўленчага мастацтва. Гэтая ідэя была пакладзена ў аснову распачатага ў ліпені 2013 года праекта, вынікам якога і сталася выстава «Ціхія адкрыцці». Літоўскае таварыства «Pagava» («Успрыманне»), што аб’ядноўвае сем’і, якія гадуюць дзяцей з дэфектамі слыху, арганізавала ўлетку ў Тракайскім раёне творчы лагер для таленавітых дзяўчатак і хлопчыкаў з Літвы і Беларусі. Гэта сталася магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.
3 беларускага боку да ўдзелу былі запрошаны навучэнцы мінскай спецыялізаванай школы № 14 для дзяцей з парушэннямі слыху. Заняткі ў лагеры вялі літоўская мастачка Сільвана Хацкінг і беларускі жывапісец Дзмітрый Ярмілаў, які ўжо 20 гадоў кіруе творчай майстэрняй «Фарба» ў школе № 14. Натхненне і ідэі для сваіх твораў маленькія мастакі чэрпалі не толькі ў зносінах з дасведчанымі майстрамі і новымі сябрамі, але і ў вандроўках у Вільнюс і Тракай: падчас працы лагера яны пабывапі ў галерэях і музеях, наведалі помнікі гісторыі і культуры Літвы. Першымі падрыхтаваную па выніках праекта выставу ўбачылі літоўскія гледачы: 13-28 верасня «Ціхія адкрыцці» экспанаваліся ў віленскай Публічнай бібліятэцы імя Адама Міцкевіча. Выстава выклікала цікавасць – і не толькі як сацыяльны праект, але перадусім сваёю мастацкаю вартасцю, бо творы маленькіх людзей, якія ўспрымаюць свет не так, як большасць з нас, сапраўды зачароўваюць і ўзрушваюць. Тут, у атачэнні гэтых не па-дзіцячы сталых і не па-даросламу шчырых, разняволеных, незакамплексаваных прац, міжволі згадваліся словы Пабла Пікасо, які, наведаўшы выставу дзіцячага мастацтва, заўважыў: «Мне спатрэбілася цэлае жыццё, каб навучыцца маляваць, як яны». Мастацтвазнаўцы адзначылі, што жывапісныя і графічныя працы, калажы, якія складаюць гэтую экспазіцыю, надзвычай ёмістыя энергетычна, эмацыйна насычаныя, вылучаюцца пэўнай унутранай напружанасцю. Тут пераважаюць абстрактныя выявы і глыбокія, часта цёмныя, колеры. Гэтая экспазіцыя здатная зламаць звыклыя, стэрэатыпныя ўяўленні пра тое, як мусіць выглядаць выстава дзіцячай творчасці. Пры гэтым кожны ўдзельнік выставы здолеў выявіць сваю творчую індывідуальнасць, адметнае бачанне, адмысловы «почырк». Відавочна, што людзі, якія працуюць з гэтымі таленавітымі дзецьмі, не імкнуцца ўціснуць іх у нейкія «правільныя», «зручныя» рамкі, а дапамагаюць кожнаму з іх заставацца самім сабою. Для беларускіх удзельнікаў – гадаванцаў Дзмітрыя Ярмілава – гэта ўжо не першая сур’ёзная выстава. Дастаткова сказаць, што працы выхаванцаў творчай майстэрні «Фарба» двойчы экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі: тут прайшлі іх выставы «Свет іншымі вачыма» (2005) і «Рэха цішыні» (2010). Творы гэтых юных мастакоў выстаўляліся і ў іншых краінах. Гэтым дзецям ёсць што сказаць – і яны шчодра дзеляцца з намі сваімі ціхімі адкрыццямі.
Юридический адрес ГУ «Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина» 220005, г. Минск, ул. Гикало, 4 |