Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина Минская областная библиотека им. А.С. Пушкина

Форма поиска

Вы здесь

 

Прэзентацыя кнігі Тэрэзы Голуб

"Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова"

1 красавіка 2014 года а 16.00 гадзіне ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна адбудзецца сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкі, прысвечанае прэзентацыі 2-га, дапоўненага выдання кнігі Тэрэзы Голуб “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”.

Выдавецтва “Беларуская навука” да стагоддзя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова зрабіла добры падарунак шырокай чытацкай аўдыторыі --  даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам, архівістам, тэкстолагам, музейным работнікам, школьнікам – 2-е, дапоўненае выданне кнігі Т.Голуб “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова”.

Выхад кніг падобнага жанру – рэдкая ў беларускім літаратуразнаўстве з’ява. Кніга пабудавана на дакументальным матэрыяле. Сабраныя ў “Летапісе…” звесткі ў храналагічнай паслядоўнасці ўзнаўляюць факты з жыццёвай і творчай біяграфіі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, выдатнага паэта, літаратурнага крытыка, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста, грамадскага дзеяча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі, мерапрыемствы, у якіх прымаў удзел А.Куляшоў, згадваюцца ў непасрэднай сувязі   з асяроддзем, што стварае пэўны грамадскі фон, спрыяе ўспрыняццю вобраза галоўнага героя кнігі ў кантэксце часу, той гістарычнай эпохі, у якой яму выпала жыць, адлюстроўвае знітаванасць яго лёсу з лёсам краіны. У кнізе змешчаны рэдкія фотаздымкі, якія з’яўляюцца каштоўным ілюстрацыйным матэрыялам да біяграфіі пісьменніка.

Аркадзь Куляшоў займае годнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Ён узняў нацыянальны паэтычны геній на якасна новую ступень, істотна рассунуў духоўныя і мастацкія гарызонты паэзіі.Невыпадкова мерапрыемства ладзіцца ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. Вялікі рускі паэт аказаў значны ўплыў на фарміраванне асобы А.Куляшова-паэта: “асаблівай маёй увагай, любоўю і прызнаннем карысталіся Пушкін і Лермантаў, яны адразу і цвёрда ўвайшлі ў мой калыскавы лексікон… можа б і іншая была мая будучая любоў і цяга да літаратуры без гэтага завочнага знаёмства”. Да творчасці класіка рускай літаратуры беларускі паэт звяртаўся напрацягу ўсяго жыцця: ім зробленыя высокай мастацкай дасканаласці пераклады твораў А.С.Пушкіна.

У год святкавання 100-годдзя народнага паэта Беларусі  “Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова” падрыхтаваны і дапоўнены Тэрэзай Станіславаўнай Голуб стане важкім унёскам у справу ўшанавання памяці пісьменніка і папулярызацыі яго творчасці.

Месца правядзення: Мінская абласная бібліятэка № імя А.С.Пушкіна, вул. Гікала, 4. Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.

Ёсць у Ізі Харыка адзін ранні верш (1925 г.). Ён гучыць як запавет. Прывожу гэты верш цалкам у цудоўным перакладзе Аркадзя Куляшова:

Адсюль крычу я сэрцам і душою
Наступнага далёкім жыхарам:
Хай сённяшняе нашае, зямное
Жыццё-быццё на здасца цудам вам.
Далёка там, у прышласці шчаслівай,
Шукаць для нас не ўздумайце акрас,
Не аздабляйце лірыкай чуллівай,
Легендамі не карануйце нас!
Не карануйце нашыя галовы
Карункамі, сатканымі з святла…
Мы тут былі, мы тут жылі сурова,
І праўда нас суровая вяла.
Мы першыя цагліны закладалі,
І кожны ў мур цаглінай лёг жывой…
Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі
Аб пары крыл мяцежных за спіной.
Праз пыл руін мы крочылі калонай,
З'яднаныя ў адзіную сям'ю…
І суджана яшчэ адно было нам -
Пакінуць з песняй гэтую зямлю.
Таму і шлю без смутку, без тугі я
Ад нас, ад акрываўленых наказ…
Адсюль крычу я ў заўтра:
- Дарагiя
 Крылатыя, не карануйце нас!