У 1914 г. супярэчнасці паміж Траістым саюзам на чале з Германіяй і Антантай на чале з Англіяй, барацьба за перадзел калоній і сфер уплыву прывялі да вайны, вядомай нам як Першая сусветная. Ваенныя дзеянні вяліся ў Еўропе, затым пашырыліся на тэрыторі Блізкага і Далёкага Усходу, Афрыкі, Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. У кола вайны былі ўцягнуты 33 краіны ўсіх кантынентаў з насельніцтвам 1,5 мільярдаў чалавек, што склала 85% насельніцтва свету.
19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі. З першых дзён вайны ў заходніх губернях Расійскай імперыі было ўведзена ваеннае становішча. Паступова фронт набліжаўся да сучаснай Міншчыны. Асноўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Расійскай імперыі праходзілі на беларускай зямлі.
У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Амаль палова тэрыторыі Беларусі была захоплена ворагам. Фронт усталяваўся на рацэ Нёман і яе прытоку Заходняй Бярэзіне, прайшоўшы праз Валожыншчыну. У 1915—1917 гг. большая частка Валожынскага раёна была прыфрантавой тэрыторыяй, па якой праходзіла другая лінія абароны, што займала 10-я армія Заходняга фронту. Па сведчаннях перакладчыка, краязнаўца, настаўніка Вішнеўскай школы Пятро Бітэля, “у 1915—1918 гг. праз Вішнева праходзіла ўмацаваная нямецкая лінія абароны. Жыхары былі выселеныя, мястэчка спаленае і знішчанае артылерыяй да апошняй хаты, на агародах і ў полі з’явіліся акопы і жалезабетонныя сховішчы, якія часткова захаваліся і да нашых дзён. З тых часоў захаваліся і нямецкія могілкі (каля вёсак Люташ, Барок, Дзясятнікі)”.
Закранула Першая сусветная вайна і Дзяржынскі раён. З лета 1915 г. Койданава (сучасны Дзяржынск) стала прыфрантавым. У маёнтку Станькава, у доме графа Гутэн-Чапскага, пэўны час размяшчаўся штаб 4-й арміі Заходняга фронту. З мэтай найхутчэйшага ачышчэння тылу фронту ад бежанцаў была арганізавана іх адпраўка па чыгунцы з Гарадзеі, Стоўбцаў, Негарэлага, Койданава. З размешчаных у Койданаве воінскіх часцей самым буйным быў 11-ы эксплуатацыйны батальён. У канцы лютага 1918 г. нямецкія войскі акупіравалі Койданаўшчыну; акупацыя цягнулася да снежня 1918 г., калі ў Койданава ўступілі часці Чырвонай Арміі.
У прыфрантавым Клецку быў адкрыты вялікі шпіталь; на Клеччыне праводзіліся мабілізацыі ў войска, размяшчаліся бежанцы з заходніх тэрыторый Беларусі. Вёска Жылічы стала важным тылавым цэнтрам забеспячэння арміі: там былі пабудаваны вялікія ваенныя склады, ля вёскі праходзіла чыгунка, пабудаваная для ваенных перавозак.
Цэнтральная частка запасной лініі абароны ў жніўні 1915 г. пралягла па салігорскай зямлі. Для будаўніцтва абароны камандаванне вырашыла як водную перашкоду выкарыстаць раку Случ і яе высокі левы бераг, зручны для абарончых баёў. Каля 10 тысяч бежанцаў размясціліся на тэрыторыі сучаснага Салігорскага раёна. Насельніцтва Салігоршчыны прымала ўдзел у будаўніцтве чыгункі Урэчча-Слуцк.
Самыя буйныя ваенныя аперацыі — Нарачанская аперацыя, Свянцянскі прарыў — адбыліся на тэрыторыі сучасных Мядзельскага і Вілейскага раёнаў.
Свянцянскі прарыў 1915 г.— наступальная аперацыя германскіх войск супраць расійскіх сілаў Заходняга фронту 9 верасня — 2 кастрычніка 1915 г. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рускую армію і ўзяць Вільню (у жніўні 1915 г.) германскія войскі 9 верасня пачалі новае наступленне на г. Свянцяны (сучасная Літва) і 10 верасня 1915 г. прарвалі фронт. Кавалерыйская група пранікла ў тылы расійскіх войск, 14 верасня захапіла Вілейку (была вызвалена 23 верасня) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Расійскія войскі пакінулі Вільню, але немцы не змаглі замацаваць поспехі. Наступленне германскай кавалерыі было спынена 16—17 верасня 1915 г. 2-й рускай арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля дзесяцідзённых баёў (2 кастрычніка 1915 г.) германскія войскі адступілі ў раён азёр Нарач — Свір. Свянцянскі прарыў — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на расійска-германскім фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны. Фронт на беларускай зямлі больш чым на два гады ператварыўся ў непераадольную мяжу для нямецкіх і аўстра-венгерскіх армій.
Імператар Мікалай II спецыяльнай тэлеграмай вітаў войскі, якія вызначыліся ў доблесных вераснёўскіх баях на Вілейшчыне, а пазней асабіста прыехаў у Вілейку для ўручэння ўзнагарод воінам. У памяць пра гэтыя падзеі быў сфармаваны 748 пяхотны полк, які атрымаў найменне «Вілейскі».
Войскі дзейнічалі ў складаных метэаралагічных умовах, у веснавое бездарожжа, разрознена асобнымі карпусамі, без агульнага ўзаемадзеяння. Артылерыя не была своечасова падцягнута, што не забяспечыла наступаючай пяхоце належнай артылерыйскай падтрымкі. У канцы сакавіка наступленне было спынена з-за немагчымасці далейшага перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я.
У выніку Нарачанскай аперацыі рускія войскі атрымалі толькі мясцовы поспех і панеслі вялікія страты (78 000 чалавек; 30, 3 % асабовага саставу 2-й арміі). Аднак яны аказалі значную дапамогу саюзнікам-французам, адцягнуўшы на сябе вялікую частку войск праціўніка: 22 — 28 сакавіка 1916 г. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.
На Барысаўшчыне — у тылавой зоне — праходзілі мабілізацыі ў войска, ствараліся і функцыянавалі шпіталі, адкрываліся розныя таварыствы і камітэты для аказання дапамогі хворым і параненым воінам; гарадскія фабрыкі і заводы працавалі на аброну краіны, выконваючы замовы ваеннага ведамства. Толькі ў пачатку сакавіка 1918 г. войскі 10-й германскай арміі цалкам акупіравалі тэрыторыю сучаснай Барысаўшчыны. Але акупацыя цягнулася нядоўга: 9 лістапада 1918 г. у Германіі выбухнула рэвалюцыя, і пачалася эвакуацыя нямецкіх войск з захопленых зямель. 2 снежня 1918 г. у Барысаў увайшлі часці 152-га палка 17-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі.