Міншчына за кароткі час ператварылася ў край сапраўды ўсенароднага партызанскага руху. На тэрыторыі вобласці працавалі Мінскі і Вілейскі падпольныя абкамы партыі, штабы аб’яднанняў мінскіх і вілейскіх партызан. Падпольныя арганізацыі былі створаны практычна ва ўсіх гарадах і буйных населеных пунктах вобласці.
22 сакавіка 1943 г. пакутніцкай смерцю ад рук нямецка-фашыстскіх карнікаў загінулі 149 мірных жыхароў вёскі Хатынь Лагойскага района.
На тэрыторыі сучаснай Мінскай вобласці захопнікі стварылі Масюкоўшчынскі, Маладзечанскі і Трасцянецкі лагеры смерці, дзе былі знішчаны сотні тысяч нашях грамадзян. Фашысты спалілі 157 вёсак, знішчылі гарады, зруйнавалі ўсе калгасы і саўгасы. Толькі ў Лагойскім раёне былі спаленыя 102 населеныя пункты.
У перыяд Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” патрыёты вобласці цесна ўзаемадзейнічалі з вайсковымі часткамі, удзельнічалі ў разгроме гітлераўскіх войскаў. З Чырвонай Арміяй уз’ядналіся 37 брыгад і 7 асобна дзейнічаючых атрадаў агульнай колькасцю больш за 40 тысяч партызан. У ліпені 1944 г. Мінская вобласць была цалкам вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. 30 чэрвеня 1944 г. быў вызвалены Слуцк, 1 ліпеня — Барысаў, 3 ліпеня — Мінск, 5 ліпеня — Маладзечна.
Вайна пакінула на Мінскай зямлі глыбокія раны. Загінулі сотні тысяч нашых землякоў, якія змагаліся з захопнікамі ў войску, партызанскіх атрадах, падполлі. За мужнасць і гераізм больш за 80 ураджэнцам Міншчыны, у тым ліку 44-м партызанам і падпольшчыкам, нададзена званне Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
|